Арнольда Шварцэнэгера завабліваюць у новы фільм
- 28.07.2025, 12:13
Ён можа вярнуцца да ролі Датча ў новай частцы "Драпежніка".
На мінулым Comic-Con у Сан-Дыега амерыканскі рэжысёр Дэн Трахтэнбэрг намякнуў на магчымае вяртанне Арнольда Шварцэнэгера да ролі маёра Алана "Датча" Шэфера ў кінасерыі "Драпежнік", піша Deadline (пераклад - сайт Charter97.org).
На панэлі, прысвечанай будучаму фільму Predator: Badlands, Трахтэнбэрг расказаў пра нядаўнюю сустрэчу за сняданкам з акторам, заявіўшы, што плануе “падрыхаваць сёе-тое” для яго вяртання ў франшызу.
Шварцэнэгер сыграў галоўную ролю ў арыгінальным фільме "Драпежнік" (1987) рэжысёра Джона Мактырнана, але з тых часоў не з'яўляўся ні ў адным з працягаў. Хоць франшыза разраслася да дзевяці фільмаў, уключаючы перасячэнні з "Чужым" і нядаўнія праекты Трахтэнбэрга, з'яўленне Датча абмяжоўвалася толькі згадкамі.
Аднак у перапрацаванай версіі “Забойца забойцаў” з'явіўся эпілог, у якім фігуруюць Датч, лейтэнант Майк Харыган і Нару. Усе трое паказаны ў капсулах, што лунаюць, іх пераносяць ваяры-драпежнікі. Трахтэнбэрг пацвердзіў, што атрымаў згоду Шварцэнэгера на выкарыстанне яго вобраза.
Новая стужка “Драпежнік: Планета смерці”, прэм'ера якой адбудзецца 7 лістапада, стане трэцяй працай Трахтэнбэрга ў франшызе. Галоўную ролю выканае Эль Фаннінг, а сюжэт раскажа пра альянс паміж яе гераіняй Тыяй і юным выгнанцам-драпежнікам на далёкай планеце.