Расейцам з Урала і Сібіры масава вымкнулі сувязь ды інтэрнэт
- 28.07.2025, 11:42
У Краснаярску блакаванне доўжыцца трэці дзень.
На Урале перастаў працаваць мабільны інтэрнэт. На хібы масава скардзяцца жыхары расейскіх Екацярынбурга, Чэлябінска, Ніжняга Тагіла, Наваўральска і іншых гарадоў, вынікае са звестак Downdetector. За апошні дзень зафіксавана больш за 3000 зваротаў: людзі паведамляюць аб немагчымасці адкрыць праграмы і сайты, аплаціць набыткі і праезд праз QR-код, выклікаць таксі і запытаць дастаўку. Карыстальнік з Екацярынбурга піша, што мабільны інтэрнэт знікае рэгулярна, асабліва вечарамі, піша The Moscow Times.
Аналагічная праблема ўжо трэці дзень назіраецца ў Краснаярску. Там мабільная сувязь і інтэрнэт пачалі працаваць з перапынкамі з 26 ліпеня. За апошні дзень паступіла амаль 5000 скаргаў. Мабільныя аператары паведамілі Mash, што праблемы паўсталі не з іх віны, а праз уведзеныя ўладамі захады бяспекі. Перапынак справакаваў трохразовы рост цаны таксі: сістэмы не могуць карэктна вылічыць кошт выправы без Інтэрнэту, а ў праграме паказвае менш самаходаў.
Улады Краснаярскага краю каментаваць адлучэнне мабільнага інтэрнэту адмовіліся, заявіўшы «Проспекту мира», што ў іх «няма інфармацыі з гэтай нагоды». У рэгіянальным аддзяленні Раскамнагляду рэкамендавалі звяртацца ў прэс-службу Федэральнага ведамства. Там на званкі выданню ніхто не адказаў: замест тэлефоннага гудка гучыць песня Don't Worry, Be Happy (Не турбуйся, будзь шчаслівы).
Улады пачалі актыўна глушыць мабільныя сеткі праз атакі ўкраінскіх беспілотнікаў з траўня. Тады меры тлумачылі неабходнасцю гарантавання бяспекі святкавання 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Аднак затым адключэнні сталі рэгулярнымі, а ў Дзярждуме параілі расейцам звыкаць і не скардзіцца, бо краіна знаходзіцца ў стане «гібрыднай вайны» і бяспека павінна быць перадусім за «паўсядзённы камфорт».
Ліпень пабіў рэкорд паводле колькасці інтэрнэт-шатдаўнаў: праект «На сувязі» зафіксаваў блакаванне ў 77 рэгіёнах, прычым нават у тых, якія размешчаныя далёка ад зоны баявых дзеянняў (Прымор'е, Сахалін, Камчатка).
На гэтым фоне аператары пачалі абмяркоўваць з Мінцыфры магчымасць захавання доступу да «крытычных» сайтаў і дадаткаў падчас адключэння мабільнага інтэрнэту, паведамілі крыніцы Forbes. У спіс могуць патрапіць дзяржаўныя платформы («Дзяржпаслуг»), банкаўскія дадаткі і каналы экстранай абвесткі.