Названы найлепшы горад Еўропы для турызму
- 27.07.2025, 20:51
Ён знаходзіцца ў Італіі.
Па версіі прэміі World's Best Awards 2025, якую праводзіць часопіс "Travel + Leisure", Фларэнцыя прызнана лепшым горадам Еўропы. Гэта штогадовае апытанне чытачоў, у якім яны выбіраюць свае любімыя турыстычныя кірункі ва ўсім свеце, піша выданне Delfi.
Сталіца Тасканы заняла 11-е месца ў агульным заліку - самае высокае сярод усіх еўрапейскіх гарадоў. Першую тройку склалі мексіканскія Сан-Мігель-дэ-Альендэ і Аахака, а таксама Токіа.
Хоць першую дзясятку рэйтынгу занялі гарады Лацінскай Амерыкі і Азіі, у спісе шмат папулярных еўрапейскіх кірункаў, якія прыцягнулі чытачоў сваёй культурай, кухняй і гістарычным шармам.
Італьянская тройка
Рэйтынг складзены на аснове амаль 180 тысяч водгукаў чытачоў, якія ацэньвалі гарады паводле шасці крытэрыяў: славутасці, культура, кухня, гасціннасць, шопінг і суадносіны кошту і якасці. Італія стала адзінай еўрапейскай краінай, прадстаўленай у топ-25 трыма гарадамі:
Фларэнцыя (11-е месца)
Рым (18-е)
Сіена (23-е)
Усе яны атрымалі высокія адзнакі за сваю вечную прыгажосць, выдатную кухню і багатую культуру - ад старажытных сабораў і харчэўняў-траторый да вузкіх брукаваных вуліц, напоўненых мясцовым жыццём.
Згодна з турыстычнай статыстыкай, Італія стала чацвёртай краінай свету, якую найбольш наведвалі ў 2024 годзе іякая прыняла больш за 71 мільён замежных гасцей.
Фларэнцыя працягвае зачароўваць вандроўцаў сваёй камернай атмасферай, сусветна вядомым мастацтвам і сонечнымі пляцамі. Ад Батычэлі ў галерэі Уфіцы да тэракотавага купала Фларэнтыйскага сабора - горад прапануе сапраўдную калекцыю шэдэўраў у межах пешай даступнасці. Традыцыйныя рэстарацыі, многія з якіх перадаюцца ў спадчыну, толькі ўзмацняюць пачуццё пазачасавасці.
Рым прапануе тое, чаго няма амаль ні ў адным іншым горадзе - жывую гісторыю на некалькіх узроўнях. Вечны горад злучае антычныя руіны і вулічную спантаннасць, што асабліва шануюць вандроўцы. Сёлета тут праходзіць Юбілейны год — маштабная падзея, якая збірае католікаў з усяго свету раз ў 25 гадоў. Ён супаў са смерцю Папы Францішка ў красавіку.
Сіена - яшчэ адзін дыямент Тасканы - захавала сярэднявечнае аблічча. З 1995 года горад унесены ў Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Гатычныя вежы, цагляныя будынкі XII стагоддзя, ажыўленыя рэстарацыі і знакамітая П'яцца дэль Кампа, дзе два разы за лета праходзяць скачкі Сіенскае Паліа, ствараюць адчуванне падарожжа ў мінулае.
Іншыя лідары: Гішпанія і Турцыя
Пасля Фларэнцыі адразу два месцы заняла Гішпанія: Севілья (12-е месца) і Гранада (13-е).
Абодва гарады атрымалі высокія адзнакі за гістарычную спадчыну і атмасферныя старыя кварталы.
Стамбул заняў 14-е месца. Горад, які злучае Еўропу і Азію, уражвае разнастайнай кухняй, багатай гісторыяй і ўнікальным геаграфічным становішчамі і з’яўляецца адным з самых захапляльных месцаў у свеце.
Севілья - увасабленне андалузскага шарму: фламенка, якое гучыць на брукаваных вуліцах, насычанае начное жыццё і манументальная архітэктура.
Гранада, ля падножжа Сьера-Невады, выглядае больш стрыманай, але не менш чароўнай. Альгамбра - крэпасць з фантанамі, садамі і вытанчанай ісламскай архітэктурай - адна з найвялікшых славутасцяў Еўропы. Але і вузкія завулкі з тапас-барамі дадаюць ёй самабытнасці.
Францыя - за бортам рэйтынгу
У спісе адсутнічае яшчэ адна вядомая еўрапейская краіна - Францыя. Нягледзячы на тое, што яна застаецца самай наведвальнай краінай у свеце (больш за 100 млн. турыстаў штогод), ніводны яе горад не патрапіў у топ-25.
Хоць Францыя і застаецца стабільна папулярнай, такая адсутнасць, магчыма, сведчыць пра змены густаў турыстаў, пераважна з ЗША. Перавага зараз аддаецца меншым, спакойным гарадам з лепшымі суадносінамі кошту і якасці і з меншым уплывам масавага турызму, чым у мегаполісах кшталту Парыжа.
Апошнім еўрапейскім горадам у рэйтынгу стаў партугальскі Порту - 24-е месца. Яго імклівае развіццё ў турызме таксама сведчыць пра новыя тэндэнцыі.