Лясныя пажары ў Турцыі: пад пагрозай Анталья і іншыя курорты
- 27.07.2025, 18:23
Беларускім турыстам: звярніце ўвагу.
У Турцыі ўжо некалькі дзён палаюць лясныя пажары. З 25 ліпеня яны дайшлі да правінцыі Анталья, дзе шмат курортаў, папулярных сярод турыстаў. Турэцкія ўлады ў нядзелю, 27 ліпеня, паведамілі, што паспяхова змагаюцца з агнём у прыморскіх рэгіёнах. Новыя ачагі полымя зафіксаваныя ў правінцыі Бурса на поўдзень ад Стамбула.
Раніцай 27 ліпеня міністр сельскай і лясной гаспадаркі Турцыі Ібрагім Юмаклы выступіў на прэс-канферэнцыі, дзе сказаў, што большасць пажараў кантралююць , некаторыя працягваюцца. Паводле яго звестак, за апошнія содні па ўсёй краіне ліквідаваныя 84 прыродныя пажары, з іх 36 - лясныя. “Відаць, сітуацыя не спыніцца за два-тры дні”, - заявіў міністр і заклікаў суграмадзян не распальваць вогнішчы на прыродзе.
Чыноўнік паведаміў пра кантроль пажараў каля горада Сіліфцы ў прыморскай правінцыі Мерсін, а таксама каля горада Серык у правінцыі Анталья. У прыморскім горадзе Газіпаша правінцыі Анталья працягваецца барацьба з агнём. Новыя пажары ўспыхнулі ў прыморскай правінцыі Бурса на поўдзень ад Стамбула, а таксама ў некалькіх рэгіёнах, аддаленых ад мора.
Усяго ў Турцыі праз пажары эвакуяваныя больш за 1,5 тысячы чалавек, расказаў Юмаклы. Раней паведамлялі пра гібель 10 пажарных.
Міністр адзначыў, што зараз нават невялікі вецер можа раздуць вялікі пажар, бо ў краіне экстрэмальная спякота. У Антальі - да +35°С днём, хуткасць ветра - да 27 км/г. У некаторых раёнах Турцыі фіксуюць да +50°С.