У Беларусі ўводзяць новыя правілы ўвозу аўто і ліміты для банкаўскіх картах
- 27.07.2025, 9:03
Важныя змены надыдуць у жніўні.
Са жніўня беларусаў чакаюць змены: у тым ліку будуць скарэктаваныя правілы ўвозу аўтамабіляў і пачнуць дзейнічаць ліміты для некаторых картак. Акрамя таго, набудуць моц абнаўленні ў АРІП і ўнёсках для ІП, піша «Онлайнер».
Змены ў АРІП
З 1 жніўня АРІП можа выдаліць асабістыя кабінеты некаторых карыстальнікаў. Гэта закране тых, хто не падпіша дадатковага пагаднення на апрацоўку персанальных звестак. Правілы доступу да асабістага кабінета ў АРІП змяніліся яшчэ летась, раней карыстальнікі давалі згоду на апрацоўку персанальных звестак на 5 гадоў, цяпер — да 3 гадоў.
Каб даць такую згоду, трэба паставіць адзнаку ў спецыяльным полі ў асабістым кабінеце АРІП. Новаўвядзенні тычацца тых, хто карыстаецца асабістым кабінетам на сайце АРІП.
ІП будуць плаціць унёскі ў ФСАН па-новаму
Асноўныя новаўвядзенні закона, які ўносіць змены ў сістэму дзяржаўнага сацыяльнага страхавання і пенсійнага забеспячэння, набудуць моц з 18 жніўня.
Нагадаем важныя змены:
1. Самазанятыя, якія плацяць падатак на прафесійны даход, змогуць на сваё жаданне даплачваць ўзнёскі на пенсійнае страхаванне. Такім чынам яны змогуць сфармаваць страхавы стаж для працоўнай пенсіі і не трапіць у пенсійную пастку.
2. Для ІП уводзіцца больш гнуткая сістэма: сума унёскаў у ФСАН будзе залежаць ад іх фактычных даходаў. Індывідуальныя прадпрымальнікі будуць выплачваць у ФСАН 35% фактычнага даходу, калі іх даход за год меншы за 12 мінімальных заробкаў. Калі гадавы даход ІП складзе ад 12 мінімальных заробкаў і вышэй, то ўнёскі выплачваюцца з 12 «мінімалак» альбо, на жаданне ІП, з большай сумы ў памеры 35%. Тут нічога не мяняецца.
3. Акрамя таго, з'явіцца асаблівы парадак выплаты ўнёскаў у ФСАН, калі выявяць заробак у канвертах. Для наймальнікаў унёскі палічаць паводле новай схемы - больш жорсткай. Для работнікаў, якія атрымліваюць заробак у канвертах, у страхавы стаж для пенсіі будуць улічвацца выплаты з сумы мінімальнага заробку.
Зменяцца правілы ўвозу аўтамабіляў
З 9 жніўня набудуць моц новыя правілы ўвозу аўтамабіляў для юрыдычных асоб. Аўтамабілі з рухавіком унутранага згарання, якія ўвозяцца партыямі больш за 150 штук, павінны будуць атрымліваць ухваленне тыпу транспартнага сродку. Для электрамабіляў новыя правілы запрацуюць з 1 студзеня 2026 года. Атрыманне УТТС - досыць дарагая працэдура, для імпарцёра яна цяпер каштуе 100-150 тысяч рублёў. Для буйных імпарцёраў гэта пад'ёмныя сумы, дробным гульцам будзе складаней, адзначалі прадстаўнікі аўтабізнэсу.
Для фізічных асоб правілы ўвозу аўто пры гэтым не мяняюцца.
Ліміты на картах
«Беларусбанк» для абароны ад махляроў з 4 жніўня ўвядзе ліміты пры зняцці грошай з выкарыстаннем лічбавых рэквізітаў картак (токенаў, згенераваных у мабільных аплатных сэрвісах). З карткай «Аксаміт» можна будзе атрымаць не больш за 600 рублёў на працягу дня, з іншых картак — не больш за 1000 рублёў. Але гэтыя ліміты можна зняць праз званок у кантакт-цэнтр або ў аддзяленнях банка.
Акрамя таго, з 4 жніўня па картах «Зебра», «Картка навучэнца» і картах у рамках прадукту «Дзіцячы» не будуць праходзіць аплаты на адрас азартных гульняў і дзяржаўных латэрэй.
Зменіцца кошт цыгарэт
Асобная прадукцыя Гарадзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман» патаннее: «NZ Charm Рэд» і «NZ Charm Браўн» стануць таннейшымі на 5 капеек і будуць каштаваць 4,95 рубля за пачак. У той жа час прадукцыя «Тытунь-Інвест» падаражэе: «Карона Эліт» дадасць 15 капеек, а «Карона Super Slims» — 35 капеек. Абедзве маркі будуць каштаваць па 4 рублі.
Камусьці давядзецца пажыць без гарачай вады
У жніўні паводле плану прадоўжацца адключэнні гарачай вады. Некаторым менчукам шанцуе больш за іншых - у асобных раёнах гарачую ваду могуць вярнуць нават раней за графік.