BE RU EN

Менск зноў затапіла падчас залевы

  • 26.07.2025, 20:12

У гараджан заканчваецца цярпенне.

Сіноптыкі аб'явілі на сёння штармавое папярэджанне праз ліўні і моцны вецер. Дождж прайшоў і ў Менску.Камунальная інфраструктура зноў не справілася з вадой. У гараджан, здаецца, заканчваецца цярпенне, перадае “Белсат”.

“М-так... Зачасціла сёлета”, – пішуць менчукі ў сацсетках. Беларускую сталіцу сёння зноў затапіла. Дождж не ішоў доўга, але быў дужа моцны.

Белгідрамет абвясціў на сёння штармавое папярэджанне, і яно спраўдзілася:

"У многіх раёнах рэспублікі чакаюцца навальніцы, месцамі пры навальніцах моцныя ліўні і шквалістае ўзмацненне ветру парывамі 15-20 м/с".

“Задзяўбалі службы. Хтосьці пачне несці адказнасць?!” – пішуць абураныя гараджане. Сталічная інфраструктура чарговы раз не справілася з вадой.

"Менсктранс" паведамляў пра праблемы з грамадскім транспартам, некалькі аўтобусаў і тралейбусаў пусцілі ў аб'езд затопленых участкаў дарог.

Раней паведамлялі, што праз лівень ў Віцебскай вобласці ўвечары ў пятніцу, 25 ліпеня, і сёння, 26 ліпеня, адбыліся падтапленні - вада настолькі падмыла глебу, што сышоў апоўзень і абрынуліся гаспадарчыя пабудовы. Акрамя таго, была разбураная аўтамабільная дарога.

Белгідрамет абвясціў штармавое папярэджанне і на заўтра, 27 ліпеня: месцамі чакаюцца навальніцы, ноччу і раніцай у асобных раёнах туманы, а днём месцамі па паўднёвым захадзе краіны прагназуюцца моцныя дажджы.

Апошнія навіны