Па БЧ пачнуць дастаўляць расейскіх вайскоўцаў, тэхніку і ўзбраенне на вучэнні «Захад-2025»
- 26.07.2025, 18:36
Ужо найбліжэйшым тыднем.
- У адпаведнасці з наяўнай у нашым распараджэнні інфармацыяй, цяпер органы вайсковых паведамленняў (ВОСО) Беларусі і Расеі пры ўдзеле Беларускай чыгункі (БЧ) актыўна ўзаемадзейнічаюць ў пытаннях арганізацыі перакіду на тэрыторыю нашай краіны расейскай вайсковай тэхнікі, боепрыпасаў і асабовага складу чыгуначным транспартам, - адзначае «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі».
Бліжэйшымі тыднямі пачнецца так званая актыўная фаза вайсковых перавозак у рамках сумесных вучэнняў "Захад-2025" — непасрэдна адпраўка са станцый фармаванняў і пагрузкі РЧ на станцыі БЧ вайсковых эшалонаў.
Ускосным пацвярджэннем узмоцненай актыўнасці, і пачатку мерапрыемстваў ў арганізацыі і правядзенні вайсковых перавозак служыць узрослы ўзровень інфармацыйнага абмену паміж згаданымі ведамствамі абедзвюх краін.
Акрамя таго, вайскоўцы Дэпартамента транспартнага забеспячэння МА РБ (Упраўленне вайсковых паведамленняў) часцей праводзяць нарады ва Упраўленні БЧ і візіты на месцы непасрэднага кіравання перавозачным працэсам з мэтай правядзення ўсіх неабходных падрыхтовак.
Трэба адзначыць, што актывізацыя ўзаемадзеяння БЧ і Міністэрства абароны Беларусі, у тым ліку і частыя наведванні з мэтай правядзення сумесных нарад ва Упраўленні БЧ або ў Цэнтры кіравання перавозкамі (ЦКП), заўсёды адбываецца напярэдадні масавых вайсковых перавозак.
Улічваючы, што прыкладныя даты правядзення сумесных вайсковых вучэнняў "Захад - 2021" і "Захад - 2025" супадаюць, можна з высокай доляй верагоднасці выказаць здагадку, што графікі руху воінскіх эшалонаў па БЧ да цяперашняга часу ўжо распрацаваныя і ўзгодненыя як беларускім, так і расейскім бакамі.
Дадзены факт кажа аб тым, што непасрэдна самі перавозкі павінны пачацца «з дня на дзень» - найбліжэйшым тыднем.
Цяпер дакладных звестак пра аб'ёых і тэрміны перавозак пакуль што няма, але звесткі аб папярэднім такім "мерапрыемстве" ў 2021 годзе прадстаўленыя наступнымі лічбамі:
Агульная колькасць вагонаў, пагружаных на расейскіх станцыях і дастаўленых на станцыі БЧ, склала 1286 адзінак. У агульнай задзейнічалася 100 пасажырскіх вагонаў для перавозкі асабовага складу УС РФ, 1094 чыгуначныя платформы для перавозкі тэхнікі, 88 крытых вагонаў, з якіх палова - 44 адзінкі - былі з грузам класа ВМ (выбуховыя матэрыялы), а таксама 4 паўвагон, якія выкарыстоўвалі для перавозкі груза класа ВМ
Пагрузка эшалонаў на расейскіх станцыях Ільіна, Нара, Папраўкі, Растоў-Яраслаўскі, Селеціна, Чараха, Шчолкава праводзілася з 20 ліпеня па 19 жніўня 2021 года.
Прыбыццё ўсіх вайсковыў эшалонаў на станцыі БЧ Бярэсце-Паўднёвае, Лясная, Палонка, дзе праводзілі іх разгрузку, ажыццёўлена паміж 22 ліпеня і 21 жніўня 2021 года.
Матэрыялы падрыхтоўкі БЧ да вайсковых перавозак чыгуначным транспартам у рамках вучэнняў «Захад - 2021»
Асераднёны час дастаўкі аднаго вайсковага эшалона на станцыю разгрузкі БЧ складала амаль двое сутак.
Зыходзячы з заяў улад, можна здагадацца пра месцы правядзення вучэнняў. Паколькі плануюць задзейнічаць дастаткова вялікую колькасць тэхнікі і асабовага складу, выкарыстанне буйных палігонаў з'яўляецца цалкам абгрунтаваным. Да такіх можна аднесці Лепельскі палігон, 227-ы агульнавайсковы палігон і вайсковы палігон "Рэпішча", якія размешчаныя адпаведна каля чыгуначных станцый БЧ Заслонава, Барысаў і Асіповічы.