«Расея сама без грошай»: Масква пакінула Лукашэнку без фінансавання
- 26.07.2025, 17:31
Эканаміст пра тое, як дыктатар клянчыць грошы.
Менск вядзе перамовы з Масквой пра магчымасць рэфінансавання атрыманых раней і атрыманні новых пазык.
Зрэшты, не ўсе падзяляюць аптымізму беларускіх уладаў. Доктар эканамічных навук Ігар Ліпсіц перспектыву атрымання Менскам расейскіх грошай назваў "сумнеўнай", піша "Салідарнасць".
- Даваць-то няма адкуль, Расея сама цяпер засталася без грошай, - адзначае эканаміст. -У яе, як кажуць у народзе, галяк у бюджэце. З аднаго боку, у РФ упалі нафтагазавыя даходы, з другога - занадта моцны рубель і таму вельмі маленькія рублёвыя эквіваленты валютных даходаў экспарцёраў.
Са слоў Ліпсіца, выправіць сітуацыю не ўдаецца з некалькіх прычын.
- Цана на нафту падае і не збіраецца расці. "Раснафта" запланавала на будучы год план дзейнасці, зыходзячы з кошту 42-43 даляры за бараль. З такога кошту не разжывешся. Так што ў гэтым вялікага прыросту даходаў бюджэту не чакаецца.
З іншага боку, трэба было б дэвальваваць рубель, але не вельмі зразумела як.
- Ніхто не хоча валюту купляць, таму што незразумела, ці зможаш ты ёй потым свабодна распараджацца. Урад жа Расеі - ён такі, увесь час нешта хоча абмежаваць. Вось сёння ў крыптавалюце ўвялі крымінальнае пакаранне, а заўтра ўвядуць ў валюце. Ну і як купляць? Не хочаць купляць расейцы валюту, - канстатуе эканаміст.
З усяго гэтага можна зрабіць адназначную выснову, што грошай для “хаўрусніка” у Расеі хуткім часам не знойдзецца.
Ігар Ліпсіц таксама не бачыць магчымасці "падзяліцца" запасамі расейскай нафты, пра што не так даўно прасіў Лукашэнка.
- Ведаеце, адна такая тонкая праблема: падзяліцца па-братэрску - гэта святая справа, вядома. Але грошыкі дзе за нафту? Нафтавая кампанія - прыватная кампанія. Вось вы нафту здабылі, можаце яе перапрацаваць на бензін, дызпаліва, прадаць у Расеі, хоць нешта атрымаеце.
А калі аддаць у Беларусь - нічога не атрымаеш. А заробак працаўнікам трэба плаціць кожны месяц, інакш - крымінальнае пакаранне. Так што нафтавікі, яны, канешне, патрыёты, але грошы любяць нават патрыёты.
А ў тым, што Лукашэнка ніякім нафтавікам ніякіх грошай аддаваць не збіраецца, расейскі эканаміст нават не сумняецца і адзначае, што так было заўсёды.