«Польшча павінна быць гатовая»
- 26.07.2025, 15:40
Туск дапусціў вайну з РФ ужо праз 18 месяцаў.
Расея будзе гатовая да «канфрантацыі» з Еўропай у 2027 годзе, таму Польшча цяпер актыўна рыхтуецца да такога сцэнарыя. Пра гэта паведаміў польскі прэм'ер Дональд Туск, апублікаваўшы адпаведную заяву на платформе Х.
Напярэдадні ён сустрэўся з галоўным камандзірам сілаў NATO ў Еўропе і на сумяшчальніцтва галоўным камандзірам войскаў ЗША ў Еўропе генералам Алексусам Грынкевічам. Туск нагадаў, што не так даўно амерыканскі генерал проста папярэдзіў, што Расея рыхтуецца да вайны супраць NATO, у тым ліку і супраць Польшчы, у 2027 годзе.
«Я таксама меў магчымасць сёння паразмаўляць з былым шэфам [брытанскай выведкі] MI6 і новым шэфам MI6. Усе гэтыя сустрэчы, размовы, пастановы прысвечаныя аднаму: Польшча павінна быць гатовая, добра падрыхтаваная. Польскае войска павінна быць добра абсталяванае, а сітуацыя ў Польшчы – стабільнай, каб мы былі гатовыя да любога сцэнара», – заявіў Туск.
Паводле словаў польскага прэм'ера, ён будзе прымаць пэўныя пастановы, сканцэнтраваныя на пытаннях бяспекі, у тым ліку тыя, што сканцэнтраваныя на «ўнутранай палітычнай стабільнасці» ў Польшчы.