Брытанія і Аўстралія падпісалі маштабную дамову аб будаўніцтве атамных падводных лодак
- 26.07.2025, 14:53
Яна будзе дзейнічаць 50 гадоў.
Аўстралія і Вялікая Брытанія падпісалі маштабную дамову для ўмацавання супрацоўніцтва ў сферы распрацоўкі і вытворчасці атамных падводных лодак. Дамова будзе дзейнічаць 50 гадоў, паведамляе Reuters.
Новая дамова стала прадаўжэннем пакта AUKUS, які быў заключаны Аўстраліяй, Брытаніяй і ЗША ў 2021 годзе.
Дакумент падпісалі міністр абароны Аўстраліі Рычард Марлес і міністр абароны Вялікай Брытаніі Джон Гілі ў горадзе Джылонг, штат Вікторыя.
Новая дамова павінна забяспечыць Аўстралію атамнымі ўдарнымі падводнымі лодкамі цягам наступнага дзесяцігоддзя, каб супрацьстаяць амбіцыям Кітая ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне.
«Дамова Джылонг дазволіць усебаковае супрацоўніцтва ў праектаванні, будаўніцтве, эксплуатацыі, падтрымцы і ўтылізацыі нашых падводных лодак», – гаворыцца ў заяве.
Дамова з'яўляецца «абавязальніцтвам на наступныя 50 гадоў двухбаковага абароннага супрацоўніцтва паміж Вялікай Брытаніяй і Аўстраліяй у рамках першага ўзроўню AUKUS».
Адзначаецца, што двухбаковая дамова стане асновай праграмаў развіцця падводных лодак двух хаўруснікаў і, як чакаецца, будзе гарантаваць інвестыцыі на ўзроўні 27,1 млрд даляраў у выглядзе экспарту цягам наступных 25 гадоў.
Што вядома пра AUKUS
AUKUS – гэта найбуйнейшы абаронны праект Аўстраліі ў гісторыі, і Канбера абавязалася выдаткаваць 368 млрд аўстралійскіх даляраў цягам трох дзесяцігоддзяў на гэтую праграму, якая ўключае мільярды даляраў інвестыцый у вытворчую базу ЗША.
На першым этапе Вашынгтон павінен прадаць Аўстраліі партыю падводных лодак класу Virginia. Першыя павінны паступіць у пачатку 2030-х гадоў.
Пазней Вялікая Брытанія і Аўстралія супольна будуць распрацоўваць і будаваць новую мадэль атамных падводных лодак пад назовам SSN-Aukus, першыя з якіх павінны быць гатовыя ў пачатку 2040-х гадоў.
У той самы час Пентагон пачаў перагляд гэтага пакта, паколькі адміністрацыя Дональда Трампа імкнецца перакласці больш адказнасці на хаўруснікаў і гарантаваць дастатковасць уласнага парку ваенных караблёў ЗША.
Мэта перагляду – забяспечыць, каб хаўруснікі рабілі большы ўклад у калектыўную бяспеку, а абаронна-прамысловая база Амерыкі магла задаволіць унутраныя патрэбы.