BE RU EN

Ад раю да вайсковага палігона

  • 26.07.2025, 14:33

У што Расея ператварыла турыстычную перліну Херсоншчыны.

Самая вялікая выспа Украіны на Херсоншчыне Джарылгач заўсёды была ўлюбёным месцам для экатурыстаў. Яе называлі «ўкраінскімі Мальдывамі» за пляжы з беласнежным пяском, чыстае мора, і вялізныя папуляцыі дэльфінаў.

Да поўнамаштабнага ўварвання востраў штогод наведвалі тысячы турыстаў, аднак пасля расейскай акупацыі ўсё змянілася, піша «Telegraf».

У траўні 2023 года расейцы засыпалі пяском праліў, які злучае Джарылгач з мацерыком. У выніку востраў фактычна стаў часткай акупаванай Херсонскай вобласці і быў трансфармаваны ў вайсковы палігон.

«Гэтае спалучэнне разбурыла натуральную гідралогію: вада цяпер застойная, адбываецца заглейванне, парушаныя міграцыйныя шляхі рыбаў і птушак. Эксперты папярэджваюць, што такія ўмяшанні пагражаюць устойлівым дэградавальным працэсам у экасістэме Джарылгацкага заліва», – піша выданне.

Акрамя гэтага, вораг выкарыстоўваў тэрыторыю нацыянальнага парку для навучання асабовага складу і правядзення стрэльбаў.

«Сёння ў гэтым унікальным месцы няма турыстаў, а ягоная экасістэма разбураная праз штучны насып у заліве, маштабны пажар і не толькі. Замест турыстычнай перліны і запаведніка востраў ператварыўся ў палігон, дзе вайскоўцы будуюць бліндажы і праводзяць вучэнні», – адзначае выданне.

Расея знішчае ўкраінскія курорты

Нагадаем, у жніўні 2023 года на востраве адбыўся маштабны пажар на плошчы больш за 1500 гектараў. Выгарала зона абсалютнай запаведнасці ў нацыянальным парку, дзе абмежаванае нават наведванне людзьмі. Гэта прывяло да знішчэння асноўных папуляцый рэдкіх стэпавых жывёлаў і раслінаў.

Папулярны курорт Бярдзянск ператварыўся ў пустыню, у горадзе і на пляжы амаль няма адпачывальнікаў, усё зарастае пустазеллем.

Апошнія навіны