«Усе аб'екты збітыя»
- 26.07.2025, 13:52
РФ зрабіла цынічную заяву пасля начнога нападу на Украіну.
РФ паведаміла пра начны масаваны ўдар па «ўкраінскім ВПК». У Маскве цынічна заявілі, што «ўсе аб'екты збітыя».
Пра гэта паведамляе «РБК-Україна» са спасылкай на зводку Мінабароны РФ у Telegram.
Мінабароны Расеі заявіла, што ноччу нанесла групавы ўдар высокадакладнай зброяй вялікай далёкасці і ўдарнымі беспілотнікамі па «прадпрыемствах ваенна-прамысловага комплексу» Украіны.
Паводле звестак РФ, атака была накіраваная нібыта на заводы для вытворчасці камплектавальнікаў для ракетаў, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў.
Ва ўстанове сцвярджаюць, што «мэта ўдару дасягнутая, усе прызначаныя аб'екты збітыя».
Аднак такая заява гучыць цынічна на фоне маштабных разбурэнняў цывільнай інфраструктуры Украіны і заяваў пра «высокую дакладнасць» удараў.
Атака Украіны 26 ліпеня
Акупанты ў ноч на 26 ліпеня ўчынілі масаваную атаку па некалькіх рэгіёнах Украіны.
Найбольш інтэнсіўна пацярпеў Харкаў: за тры гадзіны зафіксавана больш за 20 удараў, у тым ліку па ратавальніках, якія атрымалі раненні. Пад агнём таксама апынуліся Каменскае і Дняпро, дзе ёсць загінулыя.
У Шостцы Сумскай вобласці пацярпелі сама меней трое мірных жыхароў.