У беларускіх каледжах адкрылі новыя спецыяльнасці
- 26.07.2025, 13:44
Выбар вельмі нечаканы.
У 2025 годзе ў менскіх каледжах адкрылі некалькі новых спецыяльнасцяў, пішуць «Минск-Новости».
Падача дакументаў у самым разгары, таму дзелімся гэтымі кірункамі.
Працоўныя прафесіі
Менскі дзяржаўны каледж рамесніцтва і дызайну імя М.А. Кедышкі гатовы навучаць выпускнікоў дзявятых класаў на аператараў аўтаматычных ліній вытворчасці керамічных вырабаў і ліцейнікаў санітарна-будаўнічых вырабаў.
«Абедзве спецыяльнасці запатрабаваныя, перш за ўсё на прадпрыемстве “Керамін”. Менавіта яно стала ініцыятарам іх з'яўлення ў каледжы. На яго базе з 1 верасня адкрыецца навучальная майстэрня, дзе хлопцы асвояць практычныя навыкі», – расказала намесніца дырэктара каледжа Алена Вашкевіч.
У Менскім дзяржаўным механіка-тэхналагічным каледжы праз 20 гадоў адновяць падрыхтоўку спецыялістаў у апрацоўцы рыбы і морапрадуктаў. Паралельна навучэнцы атрымаюць спецыяльнасць «кухар».
«Попыт на кадры высокі»
У Менскім дзяржаўным каледжы сферы абслугоўвання адкрылі набор на спецыяльнасць «бібліятэчная справа». Яна прадугледжвае падрыхтоўку ў дзвюх кваліфікацыях – «бібліятэкар» і «архіварыюс».
Паводле словаў намесніцы дырэктара Святланы Дзядзюлі, попыт на такія кадры ў краіне высокі:
«Бібліятэкары неабходныя ўстановам культуры, адукацыйным і інфармацыйным цэнтрам. Другі кірунак – "архіварыюс" – арыентаваны на падрыхтоўку супрацоўнікаў, якія забяспечваюць захоўванне і сістэматызацыю дакументацыі. Такія супрацоўнікі патрэбныя дзяржаўным арганізацыям, установам аховы здароўя, міністэрствам і ўстановам».
Яшчэ адна новая спецыяльнасць у каледжы – «тэхнічная эксплуатацыя электронных прыладаў».
І апошняя з навінак – кірунак «выхаваўчая праца» ў Менскім гарадскім педагагічным каледжы. Выпускнікі спецыяльнасці асвояць прафесію педагога-арганізатара.