BE RU EN

План Лукашэнкі пацярпеў паразу

  • 26.07.2025, 18:08

Атрымалася, як заўсёды, няўмела, смешна і нават сорамна.

Вядомы амерыканскі музыка з мільённай аўдыторыяй у сацсетках Джэйсан Дэрула на прыватным самалёце – і гэта вельмі пікантная дэталь, бо пасля 2021 года іншыя самалёты з ЕЗ і ЗША прыляцець у краіну не могуць – прыбыў у Менск 22 ліпеня. Быццам ён павінен быў пяць дзён спяваць і танчыць у бары на Зыбіцкай, куды яго і выпісалі. Але на наступны дзень пасля прылёту Дэрула пайшоў не ў бар, а ў Дом ураду. А далей – усё, як у тумане, піша Plan B.

Песні, скокі, Лукашэнка

У Доме ўраду Дэрула сустрэўся з прэм'ер-міністрам Аляксандрам Турчыным. Турчын уважліва выслухаў справаздачу спевака: ежа смачная, вуліцы Менска прыгожыя, людзі добрыя. Спявак нават ці то жартам, ці то не сказаў, што хацеў бы мець дом у Беларусі. На што непужаны карупцыйнымі артыкуламі Крымінальнага кодэкса Турчын тут жа паабяцаў «дапамагчы з гэтым пытаннем».

Далей – болей. Амерыканскую зорку пусцілі па руках. Бо калі прыедзе наступны замежны госць, прадбачыць немагчыма – пасля Стывена Сігала колькі гадоў прайшло? Вось жа, трэба выціснуць максімум.

Спачатку Дэрула прымусілі паслухаць песню Насці Краўчанкі – прадстаўніцы Беларусі на «Еўравізіі» – і сказаць, што яму і гэта вельмі падабаецца. Потым спевака зацягнулі на інтэрв'ю на «Беларусь-1». Але і гэтага было мала. Спявак пайшоў на сустрэчу з Віктарам Лукашэнкам. Маўляў, асвятліць амерыканскай знакамітасцю трэба і НАК. Глядзіш, і алімпіяду разблакуюць.

«Вы ў Беларусі добра вядомыя, думаю, вы гэта ўжо адчулі. Вас любіць не толькі моладзь, але і людзі даволі дарослыя знаёмыя з вашай творчасцю. Нягледзячы на папулярнасць, вы просты і прыстойны чалавек, гэта вабіць. Спорт, творчасць, мастацтва… Здаецца, што тут агульнага? Але гэта і ёсць народная дыпламатыя. Артыст вашага ўзроўню дзякуючы ўплыву ў сацыяльных сетках можа аб'ектыўна расказаць і пра нашу краіну», – зазначыў на сустрэчы Віктар Лукашэнка.

План трэба было мяняць

Вядома, гэты план улады пацярпеў паразу. Бо для аб'ектыўнай ацэнкі трэба было выканаць для Дэрулы традыцыйную для ўсіх замежнікаў у Беларусі праграму:

Дбайная праверка на мяжы, з абавязковым допытам: куды, да каго, навошта, з якой мэтай;

15 сутак на Акрэсціна ў 4-меснай камеры з 30 сукамернікамі. Без матрацаў, без пасцельнай бялізны, без перадачаў, без адваката і сувязі са знешнім светам. Але абавязкова са святлом ноччу, начнымі і дзённымі праверкамі, збіццём.

Яшчэ можна было пракаціць Дэрулу на аўтазаку ў суд. Дзе сведкамі таго, як ён лаяўся матам, былі б Івановы і Пятровы ў балаклавах. Бо ўражанняў ад падарожжа ў Беларусь павінна быць шмат.

А далей – дэпартацыя з краіны з забаронай на ўезд мінімум на 5 гадоў.

І гэта – толькі базавы мінімум. Без гэтай праграмы аб'ектыўнага водгуку ад паездкі ў Беларусь, вядома, не атрымаецца. А тое, што ўлада надумала «хайпануць», але атрымалася, як заўсёды, няўмела, смешна і нават сорамна, яе мала хвалюе. Якая была рэальная мэта, угадаць няпроста. Легітымацыя ўлады? Але для гэтага нядаўна прылятаў цэлы спецпасланнік Трампа, ужо можна было і спаць спакойна. Больш гэта падобна на недарэчную спробу быць моднымі. Стывен Сігал, які гуляе па агародах Лукашэнкі, таксама дзеля гэтага быў выпісаны.

Апошнія навіны