Навукоўцы разгадалі таямніцу кальмараў-самазванцаў
- 26.07.2025, 11:43
Іх узрост – больш за 500 мільёнаў гадоў.
Навукоўцы змаглі разгадаць таямніцу закамянеласцяў старажытных істотаў, падобных на кальмараў, якія былі знойдзеныя ў Паўночнай Грэнландыі. Гэтыя істоты жылі больш за 500 мільёнаў гадоў таму, піша Interesting Engineering .
Адзначаецца, што доўгі час навукоўцы былі збянтэжаныя закамянеласцямі нектакарыдаў, якія нагадвалі сучасных кальмараў з прыкметнымі галовамі і чымсьці, падобным на шчупальцы. Самай папулярнай здагадкай было тое, што яны з'яўляюцца продкамі галаваногіх (васьміногі, каракаціцы і кальмары), але гэта не так.
Група навукоўцаў з Брыстальскага ўніверсітэта высветліла, што нектакарыды насамрэч з'яўляюцца раннімі нашчадкамі стрэлападобных чарвякоў. Каб дакапацца да ісціны, яны адправіліся ў экспедыцыю ў Сірыюс-Пасет у Грэнландыі. Менавіта там знайшлі шмат закамянеласцяў марскіх арганізмаў ранняга кембрыйскага перыяду.
«Мы выявілі, што нашыя некатарыдзіды захавалі часткі сваёй нервовай сістэмы ў выглядзе парных мінералізаваных структураў, і гэта стала падказкай, дзе гэтыя жывёлы знаходзяцца ў дрэве жыцця», – расказаў доктар Якаб Вінтэр з Брыстольскага ўніверсітэта.
Ідэнтыфікацыя стала магчымай дзякуючы таму, што ў закамянеласцях захаваўся вентральны ганглій. Гэта характэрная асаблівасць стрэлападобных чарвякоў.
«Цяпер у нас быў неаспрэчны доказ, які дазваляе вызначыць спрэчку пра нектакарыдаў. Нектакарыды маюць шэраг агульных рысаў з некаторымі іншымі закамянеласцямі, якія таксама належаць да роду стрэлападобных чарвякоў», – адзначыў суаўтар даследавання з Карэйскага палярнага інстытута доктар Тэ-Юн Парк.