BE RU EN

ЗША ў ААН жорстка нагадалі Расеі пра ўльтыматум Трампа

  • 26.07.2025, 22:10

Будуць далейшыя дзеянні.

Злучаныя Штаты ў ААН нагадалі Крамлю пра неабходнасць закончыць вайну ва Украіне цягам 50 дзён і раскрытыкавалі Кітай за дапамогу абароннаму сектару РФ.

Пра гэта заявіла выканаўца абавязкаў сталага прадстаўніка ЗША пры ААН Дораці Шы, паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на пасяджэнне Рады Бяспекі ААН у пятніцу, 25 ліпеня.

Амерыканская амбасадарка адзначыла, што Расея прадаўжае забіваць украінскіх мірных жыхароў. Паводле ейных словаў, расейскія беспілотнікі і ракеты атакуюць школы, дзіцячыя пляцоўкі, шматкватэрныя дамы і дамы састарэлых.

Шы таксама адзначыла, што Расея разгарнула тысячы вайскоўцаў КНДР на перадавой і накіравала дзясяткі тысячаў расейскіх салдатаў «гінуць на полі бою».

Прадстаўніца ЗША нагадала, што 14 ліпеня Трамп папярэдзіў прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна пра неабходнасць цягам 50 дзён дамовіцца пра мір з Украінай.

«Калі Расея не пагодзіцца цягам гэтага тэрміну спыніць атакі, Злучаныя Штаты гатовыя ўжыць далейшыя захады», – падкрэсліла яна.

Амбасадарка нагадала, што Рада Бяспекі ААН больш за 100 дзён таму ўхваліла рэзалюцыю, якая заклікае да хуткага спынення вайны і ўстанаўлення трывалага міру ва Украіне.

«І хоць гэта спрыяла перамовам у Саудаўскай Аравіі і Стамбуле, прагрэс далёка не адпавядае дзеянням, неабходным для міру», – заявіла прадстаўніца ЗША.

Крытыка на адрас Кітая

Акрамя таго, амбасадарка раскрытыкавала Кітай за прадаўжэнне экспарту ў Расею тавараў падвойнага прызначэння, якія дапамагаюць расейскаму войску вырабляць зброю і атакаваць мірныя гарады Украіны.

«Заява Пекіна пра ўвядзенне строгага кантролю за экспартам тавараў падвойнага прызначэння проста рассыпаецца на фоне штодзённага выяўлення кампанентаў кітайскай вытворчасці ў беспілотніках, зброі і транспартных сродках, якія Расея выкарыстоўвае супраць Украіны», – адзначыла Шы.

Ультыматум Трампа

На мінулым тыдні прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвінаваціў расейскага дыктатара Уладзіміра Пуціна ў хлусні і нежаданні заканчваць вайну, і даў 50 дзён на заключэнне мірнай дамовы з Украінай.

Апошнія навіны