У Мексіцы археолагі знайшлі таемны горад мая
- 25.07.2025, 21:55
Яго займалі паўстанцы, якія супраціўляліся гішпанскай экспансіі.
У рэгіёне Лакандон на поўдні Мексікі археолагі знайшлі апошні горад мая, які займалі паўстанцкія групы, што супраціўляліся гішпанскай каланіяльнай экспансіі. Горад, размешчаны ў сучасным штаце Чыяпас, заставаўся некранутым цягам стагоддзяў.
Даследаванне ўзначальваў Хасуэ Ласада Таледа з Нацыянальнага інстытута антрапалогіі і гісторыі Мексікі (INAH), які грунтаваў сваё даследаванне на запісах XVII стагоддзя манаха Педра дэ ла Кансепсьёна. Гэтыя запісы тычыліся месца, вядомага як Нуэстра-Сеньёра-дэ-лос-Далорэс, піша Heritage Daily.
Праца Ласада, якая злучыла гістарычныя крыніцы з геаграфічнымі інфармацыйнымі сістэмамі (ГІС), дазволіла ідэнтыфікаваць гэтае месца як Сак-Бахлан — назву, якая азначае «зямля белага ягуара» на мове мая.
«Гэтае месца называюць апошнім прыстанкам мая-лакадон-чоль, якія ўцяклі ад разбурэння сваёй сталіцы Лакам-Тун», — растлумачыў Ласада. Ягоная мапа, распрацаваная з дапамогай ArcGIS Pro, сапраўды паказала месцазнаходжанне глыбока ў біясферным запаведніку Монтэс-Асулес.
Лакадон-чоль былі галіной цывілізацыі мая, якія калісьці жылі паблізу Лагуна-Мірамар. Пасля таго як іх першапачатковая сталіца была разбураная падчас гішпанскай заваёвы, яны збеглі ў джунглі і заснавалі Сак-Бахлан, дзе яны заставаліся па-за каланіяльным кантролем цягам больш як стагоддзя.
Да 1721 года горад быў закінуты, а джунглі павольна паглыналі ягоныя пабудовы. Выкарыстоўваючы спадарожнікавыя звесткі, аналіз расліннасці, мадэляванне рэльефу і ацэнкі старажытных магчымасцяў перамяшчэння людзей, Ласада і ягоная каманда стварылі прагнозную мапу, якая прывяла да першых археалагічных даследаванняў.
Гэтае адкрыццё дадае важнага разумення таго, як групы мая прыстасоўваліся да каланіяльнага ціску і абаранялі сваю аўтаномію.
Вынікі даследаванняў будуць прадстаўлены ў будучым дакументальным фільме Discovery Channel пад назвай «Адкрыццё схаванага горада мая: Сак-Бахлан», мэтай якога з'яўляецца павышэнне дасведчанасці пра захаванне старажытных помнікаў ва ўразлівых экасістэмах.