BE RU EN

Генерал Ходжэс растлумачыў, калі настане пераломны момант у расейска-ўкраінскай вайне

  • 25.07.2025, 21:33

Расея не здольная перамагчы Украіну.

Цяпер няма ніякіх прыкметаў таго, што расейскія акупанты могуць прарваць ці зламаць украінскую абарону. Такое меркаванне выказаў былы камандзір Сухапутных войскаў ЗША ў Еўропе генерал Бэн Ходжэс у інтэрв'ю «Студыя Захад».

Паводле ягоных словаў, Украіна ўжо даказала, што можа стрымліваць Расею, паколькі пасля 11 з паловай гадоў вайны краіна-агрэсарка кантралюе толькі 19% украінскай тэрыторыі.

– Расейскія ваенна-паветраныя сілы ўнікаюць палётаў у паветранай прасторы Украіны, а чарнаморскі флот РФ практычна знік з аператыўнай арэны. Расеі не ўдалося спыніць пастаўкі тэхнікі і боепрыпасаў для Украіны з Польшчы. Няма ніякіх сведчанняў таго, што расейскае войска здольнае прарваць ці зламаць украінскую абарону, – мяркуе Ходжэс.

У той самы час генерал падкрэсліў, што цяпер Украіна не мае даволі рэсурсаў, каб выцесніць Расею, таму без значных знешніх зменаў сітуацыя на фронце праз год, хутчэй за ўсё, будзе падобнай да цяперашняй.

– Вонкавым чыннікам да зменаў можа стаць або катэгарычны ціск Захаду на здольнасць Расеі экспартаваць нафту і газ у Індыю і Кітай, або маштабнае вылучэнне Украіне высокадакладнага дальнабойнага ўзбраення. Расея не здольная перамагчы Украіну. Усё, на што яна здольная – гэта прадаўжаць забіваць мірных украінцаў, спадзеючыся на стомленасць Захаду. Сумняваюся, што расейская эканоміка вытрымае яшчэ некалькі гадоў такой вайны, асабліва калі яе энэргетычны экспарт будзе заблакаваны, – падсумаваў ён.

Апошнія навіны