Трамп дапусціў, што яму давядзецца ўдарыць па РФ другаснымі санкцыямі
- 25.07.2025, 18:39
Такія абмежаванні магчымыя раней, чым праз 50 дзён.
ЗША не выключаюць увядзення супраць Расеі другасных санкцый. Такія абмежаванні магчымыя раней, чым праз 50 дзён.
Пра гэта прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў падчас размовы з журналістамі.
У Трампа спыталі, ці плануе ён уводзіць другасныя санкцыі супраць Расеі.
– Мы разглядаем усю сітуацыю. Магчыма, нам давядзецца ўвесці другасныя санкцыі, – заявіў у адказ амерыканскі лідар.
Таксама ён не выключыў, што такія санкцыі могуць увесці і да заканчэння ягонага дэдлайну 50 дзён.
Нагадаем, некалькі тыдняў таму прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паставіў перад Расеяй ультыматум – альбо Крэмль за 50 дзён заканчвае вайну супраць Украіны, альбо супраць Масквы ўводзяць 100% другасныя тарыфы.