BE RU EN

Расейцам прадказалі яшчэ адзін год «зацягвання паясоў»

  • 25.07.2025, 18:34

Цэнтрабанк пагоршыў прагноз коштаў нафты.

Расею чакае яшчэ адзін год стагнацыі эканомікі, а расейцаў – «зацягвання паясоў», вынікае з абноўленага прагнозу Цэнтрабанка РФ. Ліпеньская версія, паводле словаў намесніка старшыні ЦБ Аляксея Заботкіна, ляжа ў аснову галоўнага дакумента ЦБ, «Асноўных кірункаў грашова-крэдытнай палітыкі» на наступныя тры гады, піша The Moscow Times.

Прагноз коштаў нафты зніжаны да $ 55 за бараль Urals на 2025–2026 гг. У папярэдняй, красавіцкай версіі ён ужо памяншаўся – з $65 да $60/бар. «У гэтых умовах мы таксама крыху панізілі прагноз экспарту і цяперашняга рахунку плацежнага балансу на найбліжэйшыя два гады», – адзначыла старшыня ЦБ Эльвіра Набіуліна. ЦБ пацвердзіў сціплы прагноз эканамічнага росту – 1-2% сёлета і 0,5–1,5% налета – і спажывання хатніх гаспадарак – на 0,05/01,5% у 2025–2026 гг., а крэдытавання насельніцтва на гэты год нават трохі знізіў: з 1–6% да 1–3–8%, у тым ліку іпатэкі – з 3–8% до 3–6%.

Гандлёвыя войны будуць стрымліваць попыт, а рост здабычы з боку АПЕК+ павялічыць прапанову нафты, патлумачыла Набіуліна паніжэнне прагнозу коштаў нафты. Прыкладна гэтак сама перагледзела прагноз і Мінэканамразвіцця: папраўкі ў бюджэт зыходзяць з сярэдняга кошту $56/бар. сёлета і $61 налета. Экспарт праз гэта, паводле прагнозу ЦБ, у 2025 г. знізіцца з $414 млрд да $410 млрд, а ў 2026 – з $424 млрд да $424 млрд.

Прагнозы курсу рубля ЦБ не дае, але Набіуліна адзначыла, што высокія адсоткавыя стаўкі падтрымліваюць прывабнасць рублёвых актываў у параўнанні з замежнымі для расейскіх грамадзянаў і кампаній, што «ў спалучэнні з больш памяркоўным попытам на імпарт забяспечвае стабільнасць курсу рубля». Прагноз імпарту ЦБ крыху павысіў – з $303 млрд сёлета і $314 млрд налета да $306 і $317 млрд, адпаведна.

Высокія стаўкі астудзілі эканоміку, яе перагрэў памяншаецца, адзначае ЦБ. «Спажывецкі попыт паступова запавольваецца, крэдыт расце стрыманымі тэмпамі», – пачала выступ пасля зніжэння стаўкі Набіуліна. Вытворцы зніжаюць свае чаканні ў павелічэнні попыту, асабліва ў спажывецкім сегменце, а кошты некаторых тавараў нават зніжаюцца некалькі месяцаў запар, адзначыла яна, прывёўшы ў прыклад кампутары, планшэты, тэхніку для дому. Менавіта ў коштах тавараў доўгага карыстання, на меркаванне кіраўніцы ЦБ, найбольш моцна і хутка выяўляюцца эфекты высокіх ставак – як праз скарачэнне спажывецкага крэдытавання, так і праз умацаванне рубля.

Аднак расейцы, нягледзячы на кошты, не спяшаюцца нарошчваць спажыванне. Дзмітрый Белавусаў з блізкага да ўладаў аналітычнага цэнтра ЦМАКП піша пра «крызіс попыту, які «разгортваецца ў расейскай эканоміцы». Набіуліна абяцае захоўваць жорсткія ўмовы «даволі доўга», так што ў 2026 г. сітуацыя наўрад ці зменіцца.

Не трэба спадзявацца і на дзяржаўны попыт. ЦБ захаваў прагноз росту агульнага спажывання на 0,05/01,5% у 2025–2026 гг. Улады спрабуюць знайсці грошы на вайну за кошт пераразмеркавання наяўных сродкаў, кіраўнік бюджэтнага камітэта Рады Федэрацыі Анатоль Артамонаў ацэньваў гэтыя магчымасці на 2 трлн руб., пра тое самае гаварыў міністр фінансаў Антон Сілуанаў, а спікер Рады Федэрацыі Валянціна Мацвіенка абвясціла рэжым «жорсткай эканоміі». «Сюрпрызаў у бюджэтнай палітыцы восенню не чакаем», – заявіла Набіуліна.

Эканоміка вычарпала рэсурсы для хуткага росту, адзначала Набіуліна, пра тое самае гаварыў намеснік кіраўніка пуцінскай адміністрацыі ў эканоміцы Максім Арэшкін. Сярод гэтых рэсурсаў яны называлі кадравыя рэзервы, свабодныя вытворчыя магутнасці, рэзервы ФНБ і магчымасці нарошчвання бюджэтных выдаткаў, а таксама запас капіталу банкаўскай сістэмы. Таму без «кроку не наперад, а ўверх» (выраз Арэшкіна) развіццё спыніцца. Падобна, сфармавалася «эканоміка стагнацыі», робяць выснову эксперты ЦМАКП.

Апошнія навіны