BE RU EN

Сырскі анансаваў добрыя навіны для ўкраінскай СПА

  • 25.07.2025, 22:52

УСУ ў найбліжэйшы час атрымаюць новыя сістэмы супрацьпаветранай абароны.

Узброеныя сілы Украіны ўжо найбліжэйшым часам атрымаюць новыя сістэмы супрацьпаветранай абароны, за якія заплаціў Еўразвяз у рамках плану ЗША і NATO. Пра гэта ў сваім Telegram-канале расказаў Галоўны камандзір УСУ Аляксандр Сырскі.

Паводле ягоных словаў, сістэмы СПА для Украіны, за якія заплаціў ЕЗ у рамках плану ЗША і NATO, ужо на падыходзе. Праўда, ён не ўдакладніў, калі менавіта яны з'явяцца на ўзбраенні УСУ.

План Злучаных Штатаў і Паўночнаатлантычнага альянсу датычна СПА для Украіны Сырскі абгаварыў з вярхоўным галоўным камандзірам Аб'яднаных узброеных сілаў NATO ў Еўропе, генералам ВПС ЗША Алексусам Грынкевічам. На сустрэчы таксама прысутнічалі кіраўнік Генеральнага штаба УСУ генерал-маёр Андрэй Гнатаў і камандзір Місіі NATO ў бяспецы і падрыхтоўцы (NSATU) генерал-лейтэнант Керціс Базард.

Раней Аляксандр Сырскі ў інтэрв'ю выданню The Washington Post сказаў, што Украіне для адбіцця расейскіх паветраных нападаў патрэбныя новыя сістэмы СПА, зенітныя ракеты, дроны-перахопнікі і лёгкая авіяцыя.

Галоўны камандзір УСУ мяркуе, сярод іншага, што УСУ патрэбныя дадатковыя зенітна-ракетныя комплексы Patriot, ракеты сярэдняй і вялікай далёкасці. Напрыклад, амерыканскія ATACMS. Таксама Кіеў прадаўжае настойваць на тым, каб Нямеччына пагадзілася перадаць для УСУ крылатыя ракеты Taurus класу «паветра – зямля».

Пра тое, што Украіна атрымае новыя сістэмы СПА, стала вядома ў сярэдзіне ліпеня 2025 года. Паводле словаў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, на ўзбраенні УСУ з'явіцца 17 новых ЗРК Patriot за кошт NATO.

Апошнія навіны