BE RU EN

Падзенне Асада падштурхнула лідара Азербайджана да разрыву з Пуціным

  • 25.07.2025, 17:36

Расея паказала слабасць.

Тое, што Уладзімір Пуцін здаў свайго хаўрусніка, сірыйскага дыктатара Башара Асада, і не дапамог яму супрацьстаяць узброеным паўстанцам, выйшла крамлёўскаму лідару бокам. Рэзкае абвастрэнне адносін з Азербайджанам тлумачыцца і тым, што яго прэзідэнт Ільхам Аліеў бачыць Расею аслабленай, калі яна не змагла абараніць партнёра, піша Newsweek.

Баку апошнімі гадамі ўжо праводзіць больш жорсткую палітыку, устанавіў трывалыя сувязі з Турцыяй і правёў захоп Нагорнага Карабаха, якому Расея нічога не супрацьпаставіла, хоць павінна была забяспечыць вайсковую дапамогу Арменіі у межах Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы.

У панядзелак Аліеў, незадаволены адсутнасцю выбачэнняў з боку Пуціна за збіты памылкова ў снежні самалёт "Азербайджанскія авіялініі" запатрабаваў ад Расеі публічна прызнаць адказнасць, пакараць вінаватых, выплаціць кампенсацыю сем'ям ахвяр і авіякампаніі, а таксама прыгразіў падаць на яе ў міжнародны суд.

Але канфлікт Баку з Масквой тлумачыцца не толькі гэтым і аблавамі на прадстаўнікоў азербайджанскай дыяспары ў Екацярынбурзе, падчас якіх многія затрыманыя былі збітыя, прычым двое - да смерці. Аліеў стаў больш актыўна дыстанцыявацца ад Пуціна пасля падзення Асада ў снежні 2024 года, сказаў Newsweek Алі Керымлі, старшыня апазіцыйнай Партыі народнага фронта Азербайджана і былы дзяржаўны сакратар. "Ён пачаў разумець, што Расея больш не такая моцная, як калісьці думалі", раз не змагла абараніць аднаго з галоўных сваіх хаўруснікаў, патлумачыў Керымлі.

Паводле яго слоў, Аліеў убачыў, як хутка Турцыя і краіны Захаду сталі запаўняць вакуум - прычым не толькі ў кінутай Расеяй Сірыі, але і ў рэгіёне.

Апошнія навіны