BE RU EN

Newsweek: Пуцін страчвае пазіцыі

  • 25.07.2025, 14:06

Паўднёвы Каўказ больш не «задні двор» Расеі.

Адмова прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева ўдзельнічаць ва ўрачыстасцях з нагоды гадавіны 9 траўня ў Маскве стала не адзіным сігналам астуджэння стасункаў з Крамлём, піша Newsweek (пераклад - сайт Charter97.org).

Новы віток напружанасці выкліканы катастрофай рэйса AZ8243 у снежні 2024 года, якую Баку прыпісвае памылцы расейскай сістэмы СПА «Панцыр-С1» над Грозным. Загінулі 38 чалавек. Аліеў патрабуе ад Расеі афіцыйных выбачэнняў, пакарання вінаватых і кампенсацыі.

Гэта не першы інцыдэнт, які пагоршыў напружанасць. У чэрвені ў Екацярынбургу былі арыштаваныя дзясяткі азербайджанцаў - грамадзян Расеі. Паводле звестак Баку, двое з іх памерлі ад катаванняў. У адказ Азербайджан закрыў офіс агенцтва "Спутник" і скасаваў расейскія культурныя мерапрыемствы.

На думку аналітыкаў, стасункі дзвюх краін дасягнулі самага нізкага ўзроўню з часоў распаду СССР. Аліеў усё больш успрымае Расею як аслабелую сілу, якая саступае пазіцыі Турцыі і Захаду. Яшчэ адным ударам па іміджы Масквы стаў вывад расейскіх міратворцаў з Нагорнага Карабаху ў 2024 годзе, пасля паспяховай вайсковай аперацыі Баку супраць армянскіх сепаратыстаў.

Хоць Азербайджан захоўвае шчыльныя эканамічныя сувязі з Расеяй, у тым ліку ў энэргетыцы і гандлі, Аліеў дыстанцуецца ад Крамля, умацоўваючы супрацоўніцтва з Турцыяй і Захадам. Тым не менш ён не імкнецца да дэмакратызацыі ўнутры краіны і не спяшаецца з інтэграцыяй у еўрапейскія структуры.

Эксперты адзначаюць, што Масква больш не можа лічыць Паўднёвы Каўказ сваёй «сферай уплыву». Баку дэманструе самастойнасць і ўзмацняе сваю ролю ў рэгіянальнай палітыцы — без аглядкі на Крэмль.

Апошнія навіны