«Пераехала з Менску ў Жодзіна і ўвогуле не бачу для сябе мінусаў»
- 25.07.2025, 14:03
Беларуска расказала, чым ёй падабаецца жыццё ў невялікім горадзе.
Насця з'ехала з Менска ў Жодзіна і падзялілася сваімі ўражаннямі. Паводле яе, у невялікім горадзе зручней і танней. CityDog.io расказвае, што беларусцы падабаецца ў горадзе, які знаходзіцца за 54 кіламетры ад сталіцы.
Насця падзялілася, што памяняла Менск на Жодзіна (горад з насельніцтвам амаль 64 000 чалавек) і засталася задаволеная гэтай пастановай. Яна працуе фрылансеркай, а значыць, можа жыць дзе хоча, і выбар на карысць невялікага горада быў для яе правільным развязаннем.
Са слоў дзяўчыны, арэнда жылля ў Жодзіне амаль удвая таннейшая, чым у Менску, а ўсё неабходнае знаходзіцца ў крокавай даступнасці: гіпермаркет Green, «Еўраопт», Fix Price, Wildberries, рынак з гароднінай і садавіной, што для яе надзвычай зручна.
Ёй асабліва падабаецца тое, што непадалёк знаходзіцца лабараторыя для здачы аналізаў: «гэта мая тэма, гэта мне трэба».
Дзяўчына таксама расказала, што не ходзіць у залу, на танцы або ў кіно, таму што ў ейнага сабакі сепарацыйная трывога – і Насця не пакідае яго аднага даўжэй чым на дзве гадзіны.
«Я фрылансерка, і мой даход наогул ніяк не залежыць ад майго месцазнаходжання, таму я змагу зэканоміць на ўсіх вышэйпералічаных фактах», – дадала беларуска.
Акрамя таго, у Жодзіне жыве ейная сяброўка. Раней яны бачыліся рэдка, а цяпер разам шпацыруюць па вечарах з сабакамі ў полі.
«Думаю, гэтых пунктаў больш чым дастаткова, каб ні пра што не шкадаваць», – рэзюмавала Насця.
Аднак удакладняе: ёй бы не хацелася назаўсёды застацца жыць у невялікім горадзе, але ў цяперашніх абставінах для яе гэта ўсё ж верны выбар.
Дарэчы, пераезд з Менска ў невялікія гарады або паселішча – гэта не рэдкасць. Напрыклад, маладая сям'я з маленькай дачкой пад самы Новы год, 20 снежня 2024-га, пераехала ў вёску пад Валожынам. Там яны купілі дом і падрабязна расказалі, чаму прынялі такую пастанову і не пашкадавалі пра яе.
Асобна Насця распавяла пра мясцовы кінатэатр «Юнацтва». Яна надумала схадзіць туды і паглядзець, ці моцна ён адрозніваецца ад менскіх.
Кіназала дзяўчыне спадабаўся - зручныя крэслы, ёсць нават мяккія «элітныя канапкі». Білет каштаваў 9 руб., як і ў Менску.
Адзіны мінус, які яна заўважыла, - невялікі нахіл шэрагаў. Калі зала цалкам запоўненая, на ейную думку, можа быць не вельмі зручна глядзець на экран. Але ў цэлым кінатэатр ёй нагадаў менскія «Камсамолец» і «Мір».
Што думаюць беларусы?
У каментарах пад відэа многія падтрымалі дзяўчыну.
«Не, ну правільна, калі не залежыш ад працы, то лепш жыць у меншым горадзе і з камфортам», – мяркуе Марусенцэ.
«Добры выбар, суцэльны плюсю, - дадае Аляксандр.
«Усё правільна - у Жодзіне ўсё ў крокавай даступнасці, і да Менска паўгадзіны на аўто», - падзяліўся sashaguarati.
«Магу толькі пазайздросціць. Мне давялося зрабіць адваротнае», - прызнаўся Mr Joys.
«Жодзіна вельмі мілы горад», - мяркуе Галіна.