У Гомельскай вобласці за бесцань прадаюць санаторый
- 25.07.2025, 11:20
Прычына - безгаспадарчасць.
Камітэт «Гомельаблмаёмасць» паведаміў аб продажы праз аўкцыён «унікальнага лота». На 19 жніўня прызначаныя электронныя таргі для продажу комплексу будынкаў былога санаторыя, які знаходзіцца недалёка ад Добруша, піша «Флагшток».
15 будынкаў агульнай плошчай больш за 4,5 тысяч квадратных метраў прадаюць пачатковым коштам усяго толькі за 1 008 рублёў (24 базавыя адзінкі). Гэта каля 340 даляраў.
Пакупніку неабходна будзе выканаць шэраг абавязковых умоў: рэканструкцыя аб'екта і яго далейшае выкарыстанне ў прадпрымальніцкай дзейнасці. Гэта можа быць аб'ект грамадскага харчавання або адміністрацыйнага, гатэль, установа аховы здароўя і выканання сацыяльных паслуг, фізкультурна-аздараўленчага і спартыўнага прызначэння.
Рэкламуючы лот, «Гомельаблмаёмасць» адзначае, што комплекс размешчаны ў маляўнічай мясцовасці, у лясным масіве, на зямельным надзеле на 4 га:
«Блізкасць да горада Добруш забяспечвае зручны доступ да інфраструктуры, уключаючы транспартныя злучэнне з Гомелем і іншымі гарадамі рэгіёну. Аб'ект заваблівае сваім патэнцыялам для аднаўлення, рэканструкцыі або перапрафілявання, а таксама перспектывамі, якія ён адкрывае для патэнцыйных пакупнікоў».
Што стаіць за гэтымі словамі, і чаму такі выдатны аб'ект вымушаныя прадаваць за бесцань, высветліў Флагшток. Гэта той самы комплекс у Рассветаўскім сельсавеце Добрушскага раёна, які спрабавалі прадаць роўна год таму.
На той момант балансатрымальнікам маёмасці з'яўлялася Гомельская абласная туберкулёзная клінічная лякарня. Тут планавалася размясціць аддзяленне прымусовага лячэння хворых на туберкулёз.
Але Міністэрства аховы здароўя пастанавіла пазбавіцца ад прафілакторыя для хворых на сухоты, а распачатую раней рэканструкцыю аб'екта так і не змаглі скончыць.
У склад комплексу ўваходзіць лячэбны і спальны корпус, сталоўка з харчаблокам, а таксама дапаможныя збудаванні.