У МНС раскрылі дэталі магутнага выбуху на газаправодзе пад Менскам
- 25.07.2025, 13:25
Утварылася варонка.
Пад Менскам каля паселішча Атоліна ў бульбяным полі адбыўся разрыў газавага трубаправода. Пацярпелых няма, паведамляе МНС.
Як распавялі ў МНС, разрыў быў дыяметрам 700 мм, з прычыны чаго ўтварылася варонка. Але пацярпелых няма. Пах газу адсутнічае.
У ведамстве дадалі, газазабеспячэнне спажыўцоў не парушанае, а прычына інцыдэнту высвятляецца. На месцы працуе газавая служба, падраздзяленні МНС манітораць абстаноўку.
У «Мінгазе» паведамілі, што ўвечары 24 ліпеня а 20.45 на магістральным газаправодзе ААТ «Газпрамтрансгазбеларусь» адбылася разгерметызацыя газаправода.
«Цяпер выхад газу лакалізаваны. Газазабеспячэнне спажыўцоў Менска і Менскага раёна ажыццяўляецца па другой нітцы. Абмежаванне ў газазабеспячэнні спажыўцоў не прадугледжваецца», — адзначылі ў «Мінгазе».
У ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь» заявілі, што адбыўся рэзкі выхад газу з не пушчанай у эксплуатацыю газаправоднай трубы:
«Узгарання не было. Сітуацыя цалкам лакалізаваная, пацярпелых няма. На месцы працуюць спецыялісты газавай службы».
Прычыны здарэння высвятляюцца.