BE RU EN

Лукашэнка заявіў, што рыхтуецца да вайны

  • 24.07.2025, 20:40

Дыктатар таксама расказаў, куды пойдуць ягоныя прапагандысткі, калі вайна пачнецца.

«Вось так, дзяўчаткі, рыхтуйцеся. Вайна пачнецца – пойдзеце», – сказаў, указаўшы на поле, Аляксандр Лукашэнка 24 ліпеня прапагандысткам свайго пулу.

Тэму вайны Аляксандр Лукашэнка чарговы раз узняў, «інспектуючы ў палях ход уборачнай кампаніі» ў Смалявіцкім раёне Менскай вобласці, паведамляе «Люстэрка».

Дыктатар, які ўжо 31 год кіруе краінай, сказаў, што зайздросціць кіраўніцы сельгаспрадпрыемства «Азярыцкі-Агра» Анжаліцы Гушчэні, таму што ў яе «самая лепшая праца». Лукашэнка падкрэсліў, што пасады лепшай за гэтую – няма.

– Самая цяжкая і самая… – запнулася Анжаліка Гушчэня.

– Цікавая, – падказаў чыноўнік са світы Лукашэнкі.

– Цікавая, так, – ціха пагадзілася кіраўніца гаспадаркі.

– Ну цяжкая, вядома. Любая праца, калі ставіцца да яе адказна, – цяжкая. Розум можна страціць, – заявіў Лукашэнка.

Далей узурпатар заявіў, што яму «часта сніцца» праца ў саўгасе «Гарадзец» (Шклоўскі раён), якім ён кіраваў з 1987 да 1994 года. Адзначым, што роўна пра тое самае ён расказваў два тыдні таму гендырэктарцы агракамбіната «Зара» Кацярыне Зароўскай падчас працоўнай паездкі ў Магілёўскую вобласць.

Паразважаўшы чарговы раз пра «найлепшую працу», Лукашэнка раптам звярнуўся да прапагандыстак свайго пула:

– Вось так, дзяўчаткі, рыхтуйцеся. Вайна пачнецца – пойдзеце як мінімум...

– Хлеб пячы, – скончыў думку за Лукашэнку адзін з чыноўнікаў ягонай світы.

– Мы спадзяемся, што не пачнецца, – дадала адна з супрацоўніцаў дзяржСМІ.

– Так. Я таксама спадзяюся. Але да вайны рыхтуюся. На ўсялякі выпадак, – адзначыў Лукашэнка.

Апошнія навіны