BE RU EN

Сталіцу Ірана могуць перанесці

  • 24.07.2025, 20:38

У Тэгерана скончылася вада.

Іран сутыкнуўся з беспрэцэдэнтным водным крызісам, які ўжо паўплываў на жыццё мільёнаў людзей і працу дзяржаўных установаў. У адказ на пагаршэнне сітуацыі прэзідэнт краіны Масуд Пезешкіян не выключыў магчымасці пераносу сталіцы з Тэгерана.

Як паведамляе Spigel.de, прэзідэнт Ірана назваў сітуацыю з водазабеспячэннем сталіцы «сур'ёзнай» і заявіў, што краіне давядзецца разглядаць нават перанос адміністрацыйнага цэнтра як варыянт выратавання.

Паводле словаў Пезешкіяна, «у Тэгерана сапраўды скончылася вада». Цяпер у горадзе жыве блізу 15 мільёнаў чалавек, і крызіс ужо паўплываў на працу дзяржаўных структураў і прамысловых прадпрыемстваў.

Як піша The Guardian, на гэтым тыдні Іран перажыў самыя спякотныя дні з пачатку года – і, магчыма, самыя высокія тэмпературы ў свеце: у асобных рэгіёнах краіны слупок тэрмометра падымаўся ад +50,3°C да +52,8°C.

Пры гэтым за апошнія пяць гадоў у краіне назіраецца рэкордна нізкі ўзровень ападкаў, вадасховішчы амаль скончыліся, электрастанцыі працуюць з перабоямі, а забеспячэнне электраэнэргіяй часта парушаецца.

Паводле звестак дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва IRNA, адно з найбуйнейшых іранскіх вадасховішчаў можа цалкам высахнуць цягам чатырох тыдняў.

На сямі буйных плацінах узровень вады апусціўся ніжэй за 10%, а ў правінцыях Хармазган і Фарс некаторыя плаціны ўжо зусім без вады. Кліматычныя эксперты адзначаюць, што блізу 80 адсоткаў вадасховішчаў практычна пустыя. У найбліжэйшыя два месяцы нармальнае водазабеспячэнне малаверагоднае – пакуль дажджы восенню не палепшаць сітуацыю.

У адказ на катастрофу ўрад закрыў усе школы і дзяржаўныя ўстановы як мінімум да суботы. Многія фабрыкі прыпынілі працу, што прывяло да зніжэння вытворчасці і пагрозы масавых звальненняў. Афіцыйная прадстаўніца ўраду Фатэмэ Махаджэрані назвала сітуацыю «стыхійным бедствам».

Дзясяткі тысячаў жыхароў сталіцы пачалі масава пакідаць горад і пераязджаць у паўночныя правінцыі, у тым ліку да Каспійскага мора, дзе праблемаў з водазабеспячэннем пакуль няма. На фоне крызісу ўсё гучней гучыць крытыка на адрас ісламскага рэжыму і мясцовых уладаў, якіх абвінавачваюць у неэфектыўным кіраванні і няздольнасці адказаць на выклікі, звязаныя з кліматычнымі зменамі.

Апошнія навіны