BE RU EN

Беларусы распрацавалі «карысныя» кетчупы

  • 24.07.2025, 20:15

Хто зможа пакаштаваць.

Дзіцячаму харчаванню ў школах і садках аддаюць увагу не першы год.

Так, у Беларусі з'явіліся новыя альтэрнатыўныя прадукты, якія прыносяць толькі карысць юным жыхарам краіны, піша БелТА.

Задачай распрацоўкі тэхналогіі вытворчасці кансерваў з гародніны і садавіны займаліся спецыялісты Акадэміі навук, расказала намесніца гендырэктара Навукова-практычнага цэнтра НАН Наталля Камарова.

Атрымаліся фруктовыя соўсы, пюрэ, дэсерты і кактэйлі.

«У прадуктах зменшанае ўтрыманне цукру, паніжаная кіслотнасць, адсутнічаюць фарбавальнікі, араматызатары, падсалоджвальнікі, кансерванты, генетычна мадыфікаваная сыравіна», – растлумачыла Наталля Камарова.

Паводле ейных словаў, рэцэптаў атрымалася больш за дзясятак.

Сярод прадукцыі ёсць таксама кансерваваныя агуркі і таматы, але без утрымання забароненых у дзіцячым харчаванні спецый, дзе воцат заменены цытрынавым або яблычным сокам.

«Дзеці любяць кетчуп і соўсы, але не ўсе гэтыя кетчупы падыходзяць для харчавання дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту. Таму паставілі такую задачу: распрацаваць менавіта соўсы, якія былі б у тым ліку і карысныя для дзяцей. Яны ўжо ёсць у продажы», – падсумавала спецыялістка.

Дарэчы, за прадукцыю будзе адказваць кансервавы завод у Быхаве.

Апошнія навіны