BE RU EN

Беларуская лекарка назвала аптымальныя параметры пры працы кандыцыянера.

  • 24.07.2025, 20:08

Трэба ўнікаць значнай розніцы тэмператураў.

Аптымальныя параметры пры працы кандыцыянера ў кватэры ці офісе ў інтэрв'ю праграме «Наша раніца» на тэлеканале АНТ назвала намесніца галоўнага лекара эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ала Дашкевіч.

Паводле ейных словаў, трэба ўнікаць значнай розніцы тэмператураў. Гэта значыць, тэмпература ў памяшканні, у якім працуе кандыцыянер, і тэмпература, якая на вуліцы, не павінна адрознівацца больш чым на 7–10 градусаў.

«Калі мы пачынаем ахалоджваць памяшканне, таксама не трэба гэта рабіць рэзка, у сярэднім трэба гэта рабіць на 2-3 градусы за гадзіну», – адзначыла Ала Дашкевіч.

Медычка папярэдзіла, што пры выкарыстанні кандыцыянера, у якім адсутнічае функцыя забору вонкавага паветра або ўвільгатнення, трэба перыядычна праветрываць памяшканне.

Яшчэ адна ўмова выкарыстання кандыцыянера – струмень прахалоднага паветра не павінен быць накіраваны на чалавека, каб не дапусціць пераахаладжэння. Трэба наладжваць паветраны струмень угару ці ў бок. Яшчэ трэба памятаць, што кандыцыянеры змяншаюць узровень вільготнасці ў памяшканні, а гэта прыводзіць да сухасці скуры.

Паводле словаў лекаркі, пры працы кандыцыянера перасыхаюць і слізістыя абалонкі, якія з'яўляюцца мясцовай абаронай ад пранікнення ўзбуджальнікаў інфекцыйных захворванняў.

«Неабходна рэгулярна мыць паверхні кандыцыянера, створкі кандыцыянера, праводзіць ачыстку фільтраў», – падкрэсліла Ала Дашкевіч.

Паводле словаў медычкі, у кандыцыянерах збіраецца пыл, мікраарганізмы, і калі не праводзіць ачыстку, то, уключаючы кандыцыянер, мікраарганізмы патрапяць у паветра і чалавек можа атрымаць іх пры дыханні.

Апошнія навіны