Ан-24, які разбіўся ў Расеі, выпрацаваў увесь рэсурс, але працягваў лётаць
- 24.07.2025, 16:18
Самалёт трапіў у чатыры авіяінцыдэнты з 2018 года.
У чацвер, 24 ліпеня, у Амурскай вобласці разбіўся Ан-24 кампаніі «Ангара» з 43 пасажырамі на борце. Прычына катастрофы пакуль не выяўленая, аднак вядома, што самалёт, які разбіўся, быў вельмі стары. Ён адлятаў практычна ўвесь вызначаны вытворцам тэрмін эксплуатацыі на 50 гадоў, аднак працягваў перавозіць пасажыраў, як і іншыя рэгіянальныя самалёты гэтай мадэлі, паколькі ва ўмовах санкцый расейскім авіякампаніям няма чым іх замяніць. Пасля пачатку вайны ва Украіне гэтыя самалёты пачалі эксплуатаваць нават больш, піша «Агенцтва».
Што вядома пра самалёт, які разбіўся
Ан-24 з бартавым нумарам RA-47315 быў выпушчаны ў студзені 1976 года, сведчаць звесткі партала Russiaplanes. Да 1993 года самалёт эксплуатаваў «Аэрафлот». Пасля гэтага ён выконваў рэйсы авіякампаній «Ніжагародскія авіялініі» і «Іжавія». Авіякампанія «Ангара» стала выкарыстоўваць Ан-24 у 2021 годзе.
Ан-24, які разбіўся, трапіў у чатыры авіяінцыдэнты з 2018 года, паведаміла Расавіяцыя. З 2022 года на гэтым самалёце не менш за два разы фіксаваліся тэхнічныя няспраўнасці, сведчыць аналіз «Агенцтва». У траўні 2022-га ў палёце ў самалёта адмовіў генератар, а ў сакавіку гэтага года падчас рэйса з Іркуцкая ў Кірэнск экіпаж запытаў вяртанне на месца стаянкі праз праблемы з радыёсувяззю.
Катастрофа Ан-24
З 2010 года ў Расеі адбыліся яшчэ тры катастрофы Ан-24 з загінулымі. У двух выпадках разбіліся самалёты авіякампаніі «Ангара», якой належаў і Ан-24, які пацярпеў катастрофу сёння.
У жніўні 2010 года Ан-24РВ авіякампаніі «Катэкавія» ва ўмовах дрэннай бачнасці пацярпеў катастрофу пры пасадцы ў аэрапорце Ігаркі. Загінулі 11 чалавек, выжылі толькі тры чальцы экіпажа.
У ліпені 2011 года Ан-24 авіякампаніі «Ангара», які выконваў рэйс з Томска ў Сургут, з-за пажару рухавіка здзейсніў аварыйную пасадку на рацэ Об. Загінулі сем чалавек.
У чэрвені 2019 года Ан-24 «Ангары» пры пасадцы ў Ніжнеангарску выкаціўся за межы ўзлётна-пасадачнай паласы, рэзнуўся ў ачышчальныя збудаванні і загарэўся. Загінулі два чальцы экіпажа, яшчэ чатыры чалавекі былі шпіталізаваныя.
Занадта старыя самалёты
Чвэрць парку Ан-24 і Ан-26 (каля 100 самалётаў) павінна быць спісаныя да 2030 года, казаў у лістападзе 2023 года ў Савеце Федэрацыі першы намеснік гендырэктара групы кампаній «Істлэнд» (у яе ўваходзіць «Ангара») Сяргей Зорын. А «прыпыненне парку», з ягоных слоў, павінна наступіць яшчэ раней — у 2028 годзе.
Прычынай паскоранай адпрацоўкі рэсурсу самалётаў Зорын назваў пераразмеркаванне аб'ёмаў работ з замежных лайнераў на расейскія, адсутнасць эканамічнай мэтазгоднасці іх капітальнага рамонту і доступу да бюлетэняў украінскай вытворчасці для падаўжэння рэсурсу гэтых самалётаў
Устаноўлены вытворцам тэрмін службы Ан-24 складае 50 гадоў, аднак ён быў падоўжаны да 60 гадоў (у самалёта, які разбіўся — да 2036 года). Прычым гэта было зроблена без узгаднення з распрацоўнікам - кампаніяй «Антонаў», паведаміў «Агенцтву» на ўмовах ананімнасці расейскі авіяцыйны экспэрт. У траўні гэтага года Дзяржаўнае НДІ цывільнай авіяцыі замовіў сертыфікацыйныя работы па прадаўжэнні тэрміну службы з 50 да 60 гадоў і для самалётаў Ан-26 усіх мадыфікацый.
Катастрофа Ан-24 у Амурскай вобласці
Самалёт Ан-24 выконваў рэйс 2G 2311 «Хабараўск-Благавешчанск-Тында». Ён вылецеў з Хабараўска а 07.36 паводле мясцовага часу (00.36 па менскім). Пасля тэхнічнай пасадкі ў Благавешчанску Ан-24 зноў падняўся ў неба ўжо з затрымкай больш чым на дзве гадзіны, сведчаць звесткі сэрвісу Spotterlead. Прызямліцца ў Тындзе самалёт павінен быў порыблізна а 13.14. Але знік з радараў за некалькі кіламетраў ад аэрапорта.
Абломкі самалёта і падпалены фюзеляж выявілі а 15.26 па мясцовым часе за 15 км ад Тынды. Паводле інфармацыі губернатара Амурскай вобласці Васіля Арлова, на борце знаходзіліся 43 пасажыры (з іх 5 дзяцей) і шэсць чальцоў экіпажа. Паводле папярэдняй інфармацыі, ніхто не выжыў.
СК на транспарце распачаў крымінальную справу аб парушэнні правілаў бяспекі руху і эксплуатацыі паветранага судна. У якасці асноўных версій катастрофы разглядаюцца няспраўнасць і чалавечы чыннік. Таксама следчыя разглядаюць версію памылкі экіпажа пры пасадцы.