Як змяніліся цэны на квіткі ў Еўропу за год
- 24.07.2025, 10:50
Даражэй за ўсё стала ездзіць у Латвію.
"Белсат" параўнаў, як змяніліся за год кошты на аўтобусныя квіткі ў Польшчу, Літву і Латвію з Беларусі. Відавочна, што ў Польшчу яны раслі павольней за ўсё праз павелічэнне колькасці перавозчыкаў, а вось у Літву і Латвію квіткі каштуюць значна даражэй.
У ліпені 2024 года сайт захаваў скрыншоты з цэнамі на аўтобусныя квіткі з Менска ў Варшаву, Вільню і Рыгу. Мы разглядалі цэны на квіткі на бліжэйшыя дні - не далей, чым за тыдзень да выезду. Зараз паглядзелі цэны на квіткі тых жа перавозчыкаў на тых жа сайтах і гэтак жа сама за некалькі дзён да выезду.
Польшча
У ліпені 2024 года квіткі з Менска ў Варшаву ў ECOLINES каштавалі па 100 і па 200 рублёў. Магчыма, такая розніца тлумачылася рознымі днямі выезду. За 100 рублёў можна было з'ехаць у пятніцу, а за 200 – у суботу. Абодва рэйсы-прамыя.
У ліпені 2025 года гэты ж перавозчык адвязе з Менска ў Варшаву за 140 або 250 рублёў. 140 рублёў каштуе прамы рэйс, а рэйс за 250 рублёў ідзе праз Літву, і там будзе перасадка. Такія рэйсы сталі карыстацца попытам з-за велізарных чэргаў на мяжы з Польшчай. Літва ж абмяжоўвае колькасць аўтобусаў, якія могуць прыязджаць з Беларусі, таму на мяжы з Літвой такой праблемы няма.
Назад з Варшавы ў Менск ECOLINES вазіў у ліпені 2024 года за 200 рублёў. Столькі каштавалі як прамыя рэйсы, так і перасадачныя. Цяпер за прамой просяць 140 і 180 рублёў. Калі хочаце ехаць з перасадкай у Літве - прыгатуйце 250 рублёў.
У выніку, у бок Польшчы квіткі ў ECOLINES падаражэлі на 40-50 рублёў. А назад можна знайсці і танней-на 20-60 рублёў, але некаторыя квіткі сталі даражэй на 50 рублёў.
Іншы перавозчык, “траса Е95” год таму прапаноўваў паслугі па паездках у Варшаву з Менска за 120 і 150 рублёў. У другім выпадку аўтобус рабіў прыпынак у варшаўскім аэрапорце імя Фрэдэрыка Шапэна.
Цяпер квіток каштуе 140 і 150 рублёў, без заезду ў аэрапорт.
Зваротны квіток з Варшавы ў Менск каштуе 140 і 150 рублёў. За мінулы год у нас захаваўся кошт 150 рублёў.
Такім чынам, у Варшаву некаторыя квіткі ў «траса Е95» сталі даражэйшымі на 20 рублёў, а назад можна знайсці на 10 рублёў танней.
Ёсць некалькі перавозчыкаў, якія не мянялі кошты. Напрыклад, “ІП Яршоў Андрэй Анатольевіч” (да лета 2025 года з ІП стаў ПГУП), у Варшаву з Менска і назад завязе за 130 рублёў, як і год таму. Таксама філіял “Аўтобусны парк №5 “ААТ “Мінаблаўтатранс” у абодва бакі возьме па 140 рублёў, як і ў ліпені 2024 года.
Такая ж сітуацыя з перавозчыкам TRASSA 77. Кошт квіткоў у Варшаву з Менска не змяніўся за год і складае 144 рублі.
А вось ТАА "Экалайнс РУС", які прапануе самыя дарагія квіткі, знізіў кошт на 100 рублёў па гэтым жа маршруце: з 341 рубля да 241,5 рубля.
Складана сказаць дакладна, паколькі мы не фіксавалі колькасць перавозчыкаў летась, але па захаваных скрыншотах відавочна, што перавозчыкаў, якія ездзяць у Польшчу, стала больш. І некаторыя з іх прапануюць кошты ніжэйшыя нават за тыя, што можна было агулам знайсці ў ліпені 2024 года. Напрыклад, цяпер у Варшаву можна даехаць і за 115 рублёў, і за 122 рублі, і за 125 рублёў.
Літва
За квіток з Менска ў Вільню і ў зваротным кірунку летась ECOLINES прасіў па 160 рублёў у кожны бок. Цяпер у абодва бакі квіткі - па 230 рублёў. Калі шукаць не на бліжэйшыя даты, а на некалькі тыдняў далей, то назад можна знайсці квіткі па 170 рублёў.
Атрымліваецца, што ў большасці выпадкаў квіткі сталі даражэйшымі на 70 рублёў, у некаторых – на 10 рублёў.
Падняў цэны і перавозчык Eurolines TOKS BS. Калі ў мінулым ліпені з Менска ў Вільню квіткі тут каштавалі 155 рублёў і 186 рублёў, то цяпер – 180 рублёў, 189 рублёў і 207 рублёў. Атрымліваецца, што рост як мінімум склаў 25 рублёў.
ТАА "Экалайнс РУС", якое прапаноўвала квіткі з Менска ў Вільню і назад па 242,57 рубля ў кожны бок, стала браць 327,02 рубля – на 84,45 рубля даражэй.
Латвія
Істотна падаражэлі квіткі ў Рыгу з Менска. Напрыклад ECOLINES падняў кошт з 230 рублёў да 279 рублёў. У адваротны бок цэны змяніліся таксама. Выходзіць, падаражанне - на 49 рублёў.
ТАА "Экалайнс РУС" прасіў за квіток у Рыгу з Менска і назад па 332 рублі ў кожны бок, а цяпер – па 402,5 рубля. Тут рост склаў 70,5 рубля.
Падняў цэны на квіткі і “Мінсктранс”. У ліпені 2024 года мы знайшлі па 227,19 злотых і 277,68 злотых (каля 185 рублёў і 226 рублёў адпаведна па курсе Нацыянальнага банка на ліпень 2024 года). А цяпер - 326,97 злотых (каля 263 рублёў у бягучым курсе). Гэта значыць рост мінімум амаль на 80 рублёў, калі шукаць на сайце infobus.eu, як і летась. Але мы таксама знайшлі квіткі на гэты маршрут за 220 рублёў, гэта значыць на 35 рублёў даражэй, чым год таму.