Полк Каліноўскага абвясціў тэрміновы збор для двух байцоў
- 24.07.2025, 9:45
Яны былі цяжка параненыя пад Бахмутам і знаходзяцца на лячэнні ў ЗША.
Беларускім добраахвотнікам, якія былі цяжка параненыя пад Бахмутам, патрэбная дапамога. Цяпер яны знаходзяцца на лячэнні ў ЗША.
Падчас баявой аперацыі пад Бахмутам у студзені 2023 года двое добраахвотнікаў падраздзялення атрымалі цяжкія раненні падчас абстрэлу. Адзін з іх цяпер праходзіць складаную рэабілітацыю ў ЗША. Беларус страціў частку прамянёвай косткі, у яго пашкоджаныя нервы і цягліцы. Ён перанёс дзясяткі аперацый і дагэтуль мае патрэбу ў дапамозе. Каб аднавіць рухомасць рукі, лекары нават ахвяравалі адным з пальцаў, паведамляе полк Каліноўскага.
На жаль, фонд, які арганізаваў яго лячэнне ў ЗША, больш не можа надаваць падтрымку.
Другі баец атрымаў раненне ад выбуху гранаты вясной 2023-га. Яму выдалілі большую частку кішэчніка, цяпер ён сілкуецца праз спецыяльныя сістэмы і чакае чарговую складаную аперацыю.
"Паколькі байцы ўжо доўгі час знаходзяцца ў Штатах, вайсковая частка ў сувязі з дзейным заканадаўствам не можа выплачваць ім ўзаробкі. Цяпер яны сутыкнуліся з вострай праблемай: ім патрэбныя грошы, каб працягваць складанае і доўгае лячэнне, а таксама для падтрымкі іх сем'яў”, – гаворыцца ў паведамленні палка Каліноўскага.
Добраахвотнікам тэрмінова трэба 500 000 грыўняў (прыкладна $12 тысяч), каб забяспечыць працяг тэрапіі, аплаціць будучыя аперацыі і падтрымаць сем'і да пачатку 2026 года. Без гэтай падтрымкі жыццёва неабходнае лячэнне можа быць пад пагрозай.
"Кожная дапамога - гэта шанец для нашых пабрацімаў прайсці складаны шлях лячэння і рэабілітацыі і вярнуцца да паўнавартаснага жыцця. Яны аддалі сваё здароўе, абараняючы нас, і цяпер востра маюць патрэбу ў падтрымцы”, – адзначаюць у палку.
Спасылкі на дапамогу:
Фонд: https://kalinouski.org/support/#tabs-2
(дадайце да мэты збору, што выслалі грошы на рэабілітацыю)