Reuters: Расея купляе рухавікі для дронаў у Кітая пад выглядам лядоўняў
- 24.07.2025, 9:40
Выкрытая схема паставак.
Кітайскія рухавікі таемна пастаўляюцца праз падстаўныя кампаніі дзяржаўнаму вытворцу беспілотнікаў у Расеі пад маркіроўкай “прамысловых халадзільных установак", каб пазбегнуць выяўлення пасля ўвядзення заходніх санкцый.
Пра гэта піша Reuters са спасылкай на ўласныя крыніцы ў еўрапейскіх органах бяспекі, а таксама мытныя дакументы.
"Вырабленыя ў Кітаі рухавікі таемна адпраўляюць праз падстаўныя кампаніі дзяржаўнаму вытворцу дронаў у Расеі, называючы іх “прамысловымі астуджальнымі прыборамі”, каб пазбегнуць выяўлення праз заходнія санкцыі", - гаворыцца ў матэрыяле.
Гэтыя пастаўкі дазволілі расейскаму вытворцу зброі ІЭМЗ "Купал” павялічыць вытворчасць ударных беспілотнікаў “Гарпія-А1", нягледзячы на санкцыі ЗША і ЕЗ, уведзеныя ў кастрычніку.
Унутраны дакумент кампаніі “Купал”, з якім азнаёмілася агенцтва, сведчыць аб падпісанні кантракту з Мінабароны Расеі на вытворчасць больш як 6 тысяч “Гарпіі” сёлета, у параўнанні з 2 тысячамі ў 2024 годзе. У дакуменце пазначана, што да красавіка ўжо было пастаўлена больш за 1,5 тысяч беспілотнікаў.
Гэты беспілотнік далёкага радыусу дзеяння выкарыстоўваецца для нападаў на цывільныя і вайсковыя аб'екты ў глыбіні ўкраінскай тэрыторыі, прычым штомесяц Расея выкарыстоўвае блізу 500 такіх беспілотнікаў.
"Тое, што гэтыя тавары паказваюцца як “астуджальныя прыборы”, дазваляе экспартаваць іх у Расею, не выклікаючы падазрэнняў ва ўрада Кітая”, - расказаў адзін з суразмоўцаў Reuters.