Каля берагоў Самалі сепаратысты захапілі сухагруз са зброяй, адпраўленай Турцыяй уладам краіны
- 23.07.2025, 21:12
Падрабязнасці.
Улады непрызнанага аўтаномнага ўтварэння Пунтленд, размешчанага на ўсходзе Самалі, затрымалі турэцкі грузавы карабель Sea World, які накіроўваўся ў порт Магадзіша. Як паведамляе The The Maritime Executive, сухагруз, які ішоў пад сцягам Каморскіх астравоў, перавозіў партыю турэцкай ваеннай тэхнікі, як мяркуецца, прызначанай для трэніровачнага цэнтра ў Магадзіша, што курыруецца Турцыяй.
Марская паліцыя Пунтленда (PMPF) перахапіла карабель у Адэнскім заліве і правяла дагляд, зафіксаваўшы на відэа груз ваеннага прызначэння. На кадрах, апублікаваных уладамі Пунтленда, можна ўбачыць узбраенне з маркіроўкай турэцкага войска, уключаючы бронетранспарцёры, машыны з супрацьміннай абаронай і зенітныя ўстаноўкі.
Як паказваюць сістэмы навігацыйнага адсочвання, карабель рухаўся транзітам з кітайскага горада Дунгуань. У цяперашні момант Sea World прышвартаваны ў порце Босаса. Улады Пунтленда праводзяць расследаванне, афіцыйныя прычыны затрымання сухагруза пакуль не названыя.
Выданне адзначае, што інцыдэнт з затрыманнем карабля ўзмацніў напружанасць паміж кіраўніцтвам Пунтленда і федэральным урадам Самалі ў Магадзіша. На мінулым тыдні Пунтленд абвінаваціў цэнтральныя ўлады ў правакаванні ўзброеных сутыкненняў у рэгіёне Санаг, заявіўшы, што федэральны ўрад накіроўвае на яго тэрыторыю кланавыя ўзброеныя фармаванні. Летась Пунтленд прыпыніў прызнанне цэнтральнай улады Самалі на фоне спрэчак аб канстытуцыйнай рэформе.
Пунтленд абвясціў аўтаномію ў 1998 годзе, а ў 2004-м атрымаў статус аўтаномнага рэгіёну ў складзе федэратыўнага Самалі. Турцыя застаецца адной з ключавых хаўрусніцаў цэнтральнага ўраду Самалі, даючы ваенную дапамогу, навучаючы вайскоўцаў і вылучаючы матэрыяльна-тэхнічную падтрымку.