Названыя абласныя гарады з самымі дарагімі жылымі «квадратамі»
- 23.07.2025, 20:48
Кошты нерухомасці прадаўжаюць расці, а вось попыт падае.
У другім квартале 2025 года сярэднія кошты жылля ў рэгіянальных цэнтрах прадоўжылі рост.
Пра гэта піша БелТА са спасылкай на Дзяржаўны камітэт маёмасці.
Найбольшы прырост кошту квадратнага метра зафіксаваны:
Гародня +14% ($840/м²)
Гомель +10% ($870/м²)
Магілёў +5% ($880/м²)
Віцебск +4% ($790/м²)
Берасце +3% ($1060/м²).
Гарадзенскі рэгіён – лідар у абароце ($32,8 млн), у той час як Магілёў дэманструе мінімальныя паказнікі ($16,7 млн).
Дарэчы, агульная колькасць угодаў у абласных цэнтрах скарацілася на 16% – да 2,7 тыс.
Рэкордныя ўгоды
Самая дарагая коштам квадратнага метра ўгода была праведзеная ў Магілёве.
Размешчаная ў мікрараёне Задняпроўе кватэра плошчай блізу 30 м2 у доме 2022 года пабудовы была прададзеная коштам $1860 за «квадрат».
Найбуйнейшая ўгода была праведзеная ў Берасці. Кватэра плошчай блізу 120 м2 у цэнтры гэтага горада (новабудоўля 2023 года) пайшла за $ 201 тыс.
Адзначаецца, што ў Гародні і Берасці пераважаюць пакупкі «двушак». У Віцебску, Гомелі і Магілёве фіксуецца раўнамерны попыт на адна- і двухпакаёвыя кватэры.