«Больш за ўсё сумаваў па грэчцы»
- 23.07.2025, 19:58
Беларускі футбаліст расказаў пра жыццё ў Сербіі.
Беларускі футбаліст сербскага клуба АФК Данііл Душэўскі расказаў пра бытавыя нюансы жыцця ў Бялградзе.
Дэталямі паўабаронца падзяліўся ў інтэрв'ю metaratings.by.
Хаўбэк сербскай каманды параўнаў сталіцу гэтай краіны з Менскам.
На думку Душэўскага, беларускі горад знаходзіцца ў больш выгоднай пазіцыі.
«У прынцыпе, нармальна. Але вось у Бялградзе мне не падабаецца, што вельмі брудна, калі шчыра. Я ж прыехаў з Менска, там у нас заўсёды чыста, усе вуліцы чыстыя. А ў Бялградзе, у тым раёне, дзе я жыў, зусім не так… І цыганоў шмат», – прызнаўся беларус.
Яшчэ адной праблемай Сербіі наш суайчыннік назваў гастранамічныя адрозненні з Беларуссю.
Напрыклад, у Душэўскага ўзнікла вялікая праблема з пошукам грэчкі, якую на паліцах крамаў у роднай краіне знайсці можна без праблемаў.
«Спачатку сумаваў па грэчцы, вельмі сумаваў, але праз месяцы тры мы яе знайшлі, так. Вось па грэчцы прамы вельмі сумаваў. А астатняе… Так, у прынцыпе, нармальна ўсё. Нічога такога прам», – дадаў футбаліст.
Данііл правёў усяго два матчы за «АФК Белград» ва ўсіх турнірах, не вызначыўшыся дзейснымі дзеяннямі.
У другой палове сезону 2024/25 ён выступаў за «Маладосць» з Нові-Саду, якая прадстаўляе другі дывізіён.