BE RU EN

Лекары ў Менску навучыліся лячыць інсульт новым спосабам

  • 23.07.2025, 18:15

Новая методыка звязаная са ствалавымі клеткамі.

У лякарні хуткай медыцынскай дапамогі (ЛХМД) Менска ўкаранілі новую методыку лячэння інсульту і іншых цяжкіх пашкоджанняў галаўнога мозгу. Пра гэта паведамляе Міністэрства аховы здароўя.

Новая методыка, якую ўжываюць у лякарні, звязаная са ствалавымі клеткамі. Як растлумачылі лекары, трансплантацыю алагенных мезенхімальных ствалавых клетак выкарыстоўваюць у выпадках, калі традыцыйныя спосабы недастаткова эфектыўныя, – да прыкладу, пры сур'ёзных наступствах інсульту або чэрапна-мазгавых траўмах.

У ЛХМД з такой методыкай ужо вылечылі дзесяць пацыентаў, у многіх стан палепшыўся значна. Новы від дапамогі можа стаць часткай комплекснага аднаўлення пасля цяжкіх неўралагічных хваробаў.

Загадчыца неўралагічнага аддзялення ЛХМД № 2 Святлана Малюкова падкрэсліла, што інсульт «маладзее».

«Некаторым нашым пацыентам 20–21 год. У любым выпадку інсульт – гэта сімптом. Ён літаральна крычыць пра наяўнасць сур'ёзнай праблемы ў арганізме», – расказала лекарка.

Як растлумачылі ў Міністэрстве аховы здароўя, эксперыментальную методыку лячэння цяжкіх пашкоджанняў галаўнога мозгу ствалавымі клеткамі лекары праводзяць паводле праекту Нацыянальнай акадэміі навук «Канвергенцыя» – ноў-хаў распрацаванае акадэмікам Юрыем Шанько.

Апошнія навіны