BE RU EN

Найбуйнейшы НПЗ у свеце шукае замену расейскай нафце

  • 23.07.2025, 17:27

Напрыклад, на Блізкім Усходзе.

Індыйская Кампанія Reliance Industries пасля прыняцця новага пакета санкцый ЕЗ пачала шукаць замену расейскай нафце.

Пра гэта піша Bloomberg. Кампанія, якая з'яўляецца ўладальніцай найбуйнейшага ў свеце нафтаперапрацоўчага комплексу, у канцы мінулага тыдня купіла прэміяльную нафту маркі Murban у Абу-Дабі. Гэта рэдкі выпадак, бо гэты прыватны НПЗ звычайна купляе значна больш танную расейскую нафту маркі Urals і больш цяжкія гатункі блізкаўсходняга паходжання.

Крыніцы, знаёмыя з планамі Reliance у імпарце, паведамілі, што кампанія шукае шляхі дыверсіфікацыі закупак нафты пры тым, што Расея з'яўляецца найбуйнейшым пастаўшчыком сыравіны для кангламерату ў гэтым годзе.

Са звестак адсочвання суднаў, сабраных Kpler, Расея забяспечыла амаль палову нафты для Reliance. Каля пятай часткі нафтапрадуктаў кампаніі было прададзена ў Еўропу.

Хоць пакуль рана казаць пра тое, ці наважыцца Reliance радыкальна адмовіцца ад паставак з Расеі, піша агенцтва, трэйдары адзначаюць першыя прыкметы таго, што кампанія шукае альтэрнатывы, напрыклад, на Блізкім Усходзе.

Аднак пакуль не зразумела, як гэты буйны нафтаперапрацоўчы завод будзе закупляць блізу 600 000 барэляў на дзень у іншых вытворцаў і якім коштам, дадалі яны.

Новыя абмежаванні з боку Еўразвязу паставілі пад пагрозу планы Раснафты прадаць сваю дзель у Nayara Energy, якая кіруе другім па велічыні ў Індыі нафтаперапрацоўчым заводам. Reliance Industries, якая належыць мільярдэру Мукешу Амбані, называлі адным з верагодных пакупнікоў індыйскай кампаніі.

Апошнія навіны