BE RU EN

Надзея «Гомсельмаша» знікла

  • 23.07.2025, 16:13

Беларускую тэхніку выцясняюць з расейскага рынку.

Следам за газавай, вугальнай, нафтавай і некаторымі іншымі галінамі Расеі аб сур'ёзных праблемах загаварылі вытворцы сельгастэхнікі. Уласна, аб падзенні вытворчасці там гаварылася яшчэ летась. І гэта ўжо моцна зачапіла беларускі «Гомсельмаш». Цяпер высвятляецца, што сітуацыя не палепшылася. Хутчэй наадварот. Яна крытычная, піша planbmedia.io.

У нас праблемы

Праз падзеннн рэнтабельнасці фермерскіх гаспадарак і росту сабекошту вытворчасці знізіўся попыт на сельгастэхніку, заявіў першы намеснік гендырэктара «Растсельмаша» Аляксей Швяйцоў на нядаўняй канферэнцыі «Дзе маржа - 2025». Паводле звестак Швяйцова, у першым паўгоддзі 2025 забяспечанасць расейскай сельскай гаспадаркі тэхнікай прыкметна пагоршылася.

Закупкі камбайнаў расейскімі сельгасвытворцамі з 2021 года да канца першага паўгоддзя 2025-га ўпалі на 74%.

«У нас ёсць ужо дэфіцыт тэхнікі. За папярэднія тры гады мы ўсе, не толькі «Растсельмаш», недапаставілі на рынак тэхнікі на адзін год, зніжэнне на 74% у пастаўках да ўзроўню 2021 года», — цытуе партал поле.рф выступ Швяйцова.

Адгрузкі сельгастэхнікі са студзеня да чэрвеня 2025 года ўпалі: камбайнаў — на 60%, самаходных кормазбіральнікаў— на 25%, трактароў канчатковым спажыўцам — на 39%.

Са звестак «Растсельмаша», у вытворчасці сельгасмашын таксама «адмоўная дынаміка». За першыя паўгода ўпаў выпуск камбайнаў - на 46%, кормазбіральнікаў — на 41%, трактароў — на 23%.

Пры гэтым дэфіцыт парку камбайнаў ацэньваецца на ўзроўні 37 тысяч адзінак, трактароў — 50 тысяч адзінак.

«Абнаўленне [тэхнікі] рэзка знізілася, - распавёў прэзідэнт расейскага збожжавага саюза Аркадзь Злачэўскі карэспандэнту 161.ru — а абнаўлялі тэхніку на 10-15% штогод. Але цяпер гэты паказчык рэзка ўпаў, практычна ў два разы. Гэта проста лакмусавая паперка пра тое, што ў нас адбываецца з эканомікай. Сяляне-то хочуць абнаўляцца. У іх гарачае жаданне ёсць, але няма магчымасці. Грошай няма. Няма на што такое абнаўленне праводзіць».

Пры гэтым энэргазабяспечанасць трактароў у Расеі - на катастрафічна нізкім узроўні. За мінулы год, са звестак поле.рф, яна склала 157 конскіх сіл на 100 гектараў раллі. Па гэтым паказчыку Расея на парадак адстае ад многіх іншых буйных краін-вытворцаў сельгастэхнікі. Напрыклад, у ЗША энергазабяспечанасць складае 1,6 тысячы, а ў ЕЗ – 1,2 тысячы конскіх сіл. Дарэчы, і Беларусь прыкметна перавышае Расейскі паказчык, у яе 500 л. с.

Рынак дваіх не вывозіць

Раней у інтэрв'ю 161.ru саўладальнік «Растсельмаша» Канстанцін Бабкін паведамляў, што 2024 год стаў найгоршым для сельгасмашынабудавання за апошнія дзесяць гадоў. Дынаміка продажаў сёлета яшчэ горшая, кажа Бабкін. За апошнія тры гады "Растсельмаш" не прадаў у Еўропу ніводнага трактара і камбайна, экспарт прадукцыі ўпаў да 8%.

І Беларусь расейскаму калегу - не сябар, не брат, а самы першы канкурэнт. Увесну Бабкін скардзіўся, што беларускі «Гомсельмаш» знаходзіцца ў больш выгадным становішчы, чым расейскія вытворцы. Таму што дзяржава дае льготную стаўку расейскаму спажыўцу на крэдыт - за кошт уласнага бюджэту.

Ільготы не ад добрага жыцця. На экспарт у Расею ў 2024-м годзе «Гомсельмаш» пастаўляў каля 80% вырабленай тэхнікі. Да лістапада вытворчасць на «Гомсельмашы» ўпала ўсяго да 92 камбайнаў. І да ўзроўню 2023 года, 3013 адзінак, не дацягнулі больш за чвэрць. Пры гэтым на складах прадпрыемства на пачатак снежня мінулага года было 1299 камбайнаў (на 378 больш, чым годам раней), паведамляла «Зеркало».

Выходзіць, дэфіцыт на рынку ёсць. Запасы на складах - таксама. А продажаў і перспектыў - няма.

У выніку пагаршэнне сітуацыі на расейскім рынку ўзмацняе і канкурэнцыю. Расейскі рынак для беларускіх вытворцаў становіцца ўсё менш камфортным. А іншых - няма. У выніку — пагаршэнне фінансавага стану і праблемы з разлікамі за інвестыцыйны імпарт. За метал, дэталі, паслугі і г.д. прыкладна як з МТЗ, пра струмень пазоваў у суды, пра што мы нядаўна пісалі.

Апошнія навіны