Экспэрты расказалі пра небяспеку беларускай АЭС у Астраўцы
- 23.07.2025, 14:56
Няпланавае адключэнне выклікае ўстурбаванасць.
Нядаўняе спыненне другога энэргаблока Беларускай АЭС у Астраўцы зноў прыцягнула ўвагу да пытанняў бяспекі атамнай энэргетыкі. Паводле афіцыйнай інфармацыі беларускага Мінэнэрга і дзяржаўнай інспекцыі атамнай энэргетыкі Літвы, прычынай стала няспраўнасць сістэмы астуджэння ў генератарнай частцы. Фізік-ядзернік Андрэй Ажароўскі ў інтэрв'ю LRT кажа, што хоць інцыдэнт, які адбыўся, быў пазапланавым, ён не нясе ніякай пагрозы жыхарам Літвы, а экспэрт у ядзерных устаноўках Інстытута энэргетыкі Літвы Альгірдас Калятка сцвярджае, што радыяцыя ў прынцыпе ніколі не пакідала межы беларускай электрастанцыі.
Незапланаванае адключэнне выклікае асцярогу
Расейскі эксперт Андрэй Ажароўскі – фізік-ядзернік, эколаг, экспэрт у радыеактыўных адкідах, прадстаўнік міжнароднай экаправаабарончай арганізацыі «Bellona». Ён кажа, што галоўнае, што варта разумець - інцыдэнт на станцыі вымусіў здзейсніць непрадугледжанае прыпыненне блока рэактара. У такіх выпадках заўсёды падключаюцца рэзервовыя крыніцы энэргіі, але гэта абыходзіцца дорага і сведчыць аб ненадзейнасці самога атамнага блока.
«Энэргаблок не працаздольны і не вырабляе электраэнэргію. Паводле афіцыйнай інфармацыі, здарэнне адбылося не на рэактарнай частцы, а ў генератары. Гэта адна з 3 умоўных частак станцыі, дзе ёсць яшчэ рэактар і турбіна. Паломка кожнага з іх азначае, што станцыя перастае вырабляць электрычнасць.
Самае галоўнае, што гэта не планавы прыпынак. Каб не здарыўся блэкаўт, спатрэбілася тэрмінова ўключыць рэзервовыя магутнасці, у тым ліку газавыя электрастанцыі. Гэта рэзка павялічвае кошт атамнай энэргіі, бо рэзерв трэба ўвесь час трымаць у гатоўнасці», – тлумачыць Андрэй Ажароўскі.
Атамная энэргетыка - нестабільная па вызначэнні
Экспэрт падкрэслівае, што такія інцыдэнты з атамнымі электрастанцыямі не рэдкасць. Паводле ягоных слоў, нестабільнасць атамнай энэргетыкі даўно вядомая, нягледзячы на сцвярджэнні прыхільнікаў тэхналогіі аб яе надзейнасці.
«Атамшчыкі любяць крытыкаваць прыхільнікаў аднаўляльнай энэргетыкі за тое, што сонца часам заходзіць або вецер не дзьме. Але гэта прадказальна. А вось калі з энэргасістэмы раптам выпадае 1200 мегават, як пры адключэнні энэргаблока – гэта непрадказальна і небяспечна», – адзначае ён.
Хоць цяперашні інцыдэнт адбыўся паводле «мяккага сцэнару» – гэта значыць непаладкі былі заўважаныя загадзя, а страты выпрацоўкі былі кампенсаваныя запаснымі варыянтамі, генератар станцыі ўсё роўна патрабуе сур'ёзнага рамонту і аналізу прычын. І, як падкрэслівае А.Ажароўскі, расейская кампанія-забудоўнікк «Расатам» давала ўсяго 2 гады гарантыйнага тэрміну, пасля чаго ўсе выдаткі ў ліквідацыі непаладак можа панесці і беларуская старана.
Таксама, са слоў фізіка, праблемы могуць крыцца не толькі ў памылках персаналу, але і ў схаваных дэфектах абсталявання – як гэта ўжо адбывалася з аналагічнымі энэргаблокамі ў Расеі.
«Магчыма, нешта парушыў аператар генератара, галоўны інжынер, можа быць ёсць нейкія дэфекты ў канструкцыі. На Новаваронежскай АЭС першы ў свеце блок такога тыпу, ВВЭР - 1200-адключыўся праз некалькі тыдняў працы праз вялізны дэфект у генератарнай частцы. Там згарэў генератар, адбылося магутнае кароткае замыканне. Гэта параўнальна з ударам маланкі. Уся медная абмотка выйшла з ладу», - падае прыклад экспэрт.
Больш за тое, са слоў А.Ажароўскага, нават калі аварыі не адбываецца, прыпыненне рэактара само па сабе можа ствараць рызыкі – напрыклад, за кошт рэзкага астуджэння металічных канструкцый. Суразмоўца адзначае, што рэактары лепш за ўсё працуюць альбо пры 100-адсоткавай нагрузцы, альбо ў спыненым стане. Пераходныя рэжымы - найбольш небяспечныя.
«Пры прыпыненні рэактара пачынаецца расхалоджванне: трэба астудзіць корпус рэактара з 300 градусаў да тэмпературы навакольнага асяроддзя. Гэта цяжкая нагрузка для таўстасценнай металічнай канструкцыі. Таму менавіта ў пераходныя рэжымы, калі ўключаюць або выключаюць блок, узрастае рызыка таго, што нешта можа пайсці не так», - тлумачыць фізік-ядзернік.
Жыхарам памежжа варта быць напагатове
Хоць бягучы інцыдэнт, са слоў экспэрта, не нясе пагрозы для здароўя, паблізу атамнай станцыі нават у нармальным рэжыме адбываюцца радыеактыўныя выкіды – асабліва падчас замены паліва, і менавіта ў такія перыяды ўзровень радыяцыі можа падвышацца. Гэта лічыцца сур'ёзным і няўхільным недахопам атамных станцый.
«Калі Мінэнэрга Беларусі сказала праўду, то інцыдэнт, які адбыўся, не нясе ніякай пагрозы. Але нават у штатным рэжыме, асабліва падчас перагрузкі паліва, бываюць сур'ёзныя выкіды, адбываецца разгерметызацыя контуру станцыі. Атамнікі самі прагаварыліся: пасля запуску першага блока ў вёсках Чэхі, Варняны, Гоза ўзровень апраменьвання павялічыўся.
Да мяжы з Літвой апрамяненне не даходзіла, аднак выклікае асцярогу тое, што апрамяненне найбліжэйшых беларускіх вёсак адбываецца не падчас аварыі, а ў звычайным працоўным рэжыме», – заўважае Андрэй Ажароўскі.
Экспэрт кажа, што можна працаваць над зніжэннем небяспекі атамных электрастанцый, аднак зрабіць іх цалкам бяспечнымі не магчыма, таму, паводле ягоных слоў, трэба быць гатовым да розных аварый.
У такіх сітуацыях многія жыхары спадзяюцца на дапаможныя сродкі - ёдавыя таблеткі ці іншыя сродкі аховы ад некаторых відаў радыяцыйнага выпраменьвання. Аднак экспэрт перасцерагае ад празмернага аптымізму, бо ў выпадку інцыдэнту радыяцыя можа стаць занадта сур'ёзнай пагрозай.
«Пры выкідзе радыеактыўных рэчываў выходзіць не толькі радыеактыўны ёд, але і цэзій, і стронцый, і адна таблетка не забяспечыць поўнай аховы. На жаль, гэта не відэагульня, дзе ёсць чароўныя касцюмы і пігулкі, якія нейтралізуюць іянізавальнае выпраменьванне. У рэальным жыцці радыяцыя вельмі небяспечная», - кажа ён і дадае, што падтрымлівае ініцыятывы літоўскага ўрада аб раздачы прэпаратаў супраць розных радыеактыўных элементаў.
Стандартнае адключэнне, не звязанае з радыяцыяй
Экспэрт у ядзерных устаноўках, акадэмік і старшы навуковы супрацоўнік Інстытута энэргетыкі Літвы Альгірдас Калятка кажа, што інцыдэнт, які адбыўся – тыповая сітуацыя, але адзначае, што без поўнага расследавання прычын пуск станцыі недапушчальны.
«На жаль, дакладна сказаць, што менавіта адбылося, мы не можам. У нас ёсць толькі афіцыйная інфармацыя, якая апублікаваная на сайце Дзяржаўнай інспекцыі атамнай энергетыкі. Аднак падобную інфармацыю можна ўбачыць на афіцыйным сайце Астравецкай атамнай станцыі» - кажа ў інтэрв'ю LRT.lt А.Калятка.
Паводле ягоных слоў, у дакументах падкрэсліваецца, што здарэнне не закранула крытычна важныя для бяспекі элементы станцыі, паколькі, як мяркуе экспэрт, адключэнне рэактара было вынікам збою ў генератары, а не ў рэактарнай частцы.
«Адбылася аварыя ў контуры астуджэння генератара, які наўпрост не звязаны з ядзернай сістэмай, і, як я разумею, генератар аўтаматычна адключыўся. А гэта ў сваю чаргу прывяло да адключэння рэактара. Увогуле сітуацыя не прывяла да радыеактыўных выкідаў», - тлумачыць ён.
Ключавым і найбольш цікавым момантам паведамлення беларускіх ведамстваў А.Калятка разглядае тое, што рэактар не будзе ўключаны, пакуль не завершанае расследаванне прычын і ліквідацыю няспраўнасці.
«Асабліва мне спадабаўся апошні радок у паведамленні: на атамнай станцыі праводзіцца даследаванне гэтай падзеі. Станцыя тэстуецца, каб растлумачыць прычыну, даследаваць тое, што адбылося. І толькі тады, калі няспраўнасць будзе ўсталяваная і ліквідаваная, можна будзе паўторна ўключыць рэактар. Колькі часу зойме гэты працэс – невядома», - кажа А.Калятка, падкрэсліваючы, што недапушчальна запускаць энэргаблок, не ліквідаваўшы крыніцу праблемы і не высветліўшы ўсе карэнныя прычыны падзей.