Расейскія рабочыя на будоўлі АЭС у Турцыі выйшлі на пратэсты
- 23.07.2025, 14:34
Ім не плацяць заробкі.
Грамадзяне Расеі, якія ўдзельнічаюць у будаўніцтве турэцкай атамнай электрастанцыі «Аккую» ў правінцыі Мерсін, далучыліся да пратэстаў астатніх рабочых, якія ўспыхнулі з прычыны нявыплаты заробку. Пра гэта паведамляе Sota са спасылкай на сваякоў расейскіх будаўнікоў.
Рабочыя перацялі дарогу каля будпляцоўкі, адзначае выданне. Яны разбіваюць аўтамабілі, якія едуць да аб'екта, патрабуючы выплаты грошай. Мяркуючы з кадраў, супраць пратэстоўцаў выкарысталі вадамёты, у адказ яны закідалі камянямі машыну, якая палівала іх вадой.
Сем'і расейскіх рабочых распавялі, што ім перасталі плаціць заробак, у пачатку ліпеня. Са слоў сваякоў, праблемы ўзніклі яшчэ ў траўні, на гэтым фоне персанал на будоўлі скараціўся з 12 да 3 тысяч чалавек.
Яшчэ ў сакавіку турэцкія будаўнікі ладзілі страйк, патрабуючы выплаціць завінавачанасці ў заробку. Тады рабочыя з Расні пратэставаць асцерагаліся, паколькі ў гэтым выпадку іх маглі звольніць з ануляваннем зваротных білетаў у РФ, набытых у рамках працоўнага кантракту.
Праект АЭС у Аккую рэалізуе дзяржкарпарацыя «Расатам» паводле мадэлі «будуй -валодай-эксплуатуй». Расейцаў у РФ наймае кампанія «Тытан-2», на месцы яны ўкладаюць працоўную дамову з турэцкай TSM Enerji. Фармальна «Расатам» не ўдзельнічае ў схеме.
22 ліпеня TSM Enerji накіравала афіцыйны ліст на імя старшыні рады дырэктараў дачкі «Расатама» Аккую Нуклеар Антона Дзедусенкі. У ім гаворыцца, што ў падрадчыка няма патрэбных $58 млн, якія патрабуе Фонд сацыяльнай абароны і дзяржаўнага страхавання Турцыі (SGK). Кампаніі пагражае арышт маёмасці і спыненне працы, адзначаецца ў лісце.