У Драздах прадаецца дызайнерская кватэра на тры паверхі
- 23.07.2025, 14:00
Стаў вядомы яе кошт.
У элітным раёне Менска, дзе жыве шмат высокапастаўленых чыноўнікаў і буйных бізнэсоўцаў, на продаж выставілі трохузроўневую кватэру, піша realt.by.
Кватэра размешчаная на трох паверхах і мае плошчу амаль 200 м2. Яна знаходзіцца ў завулку Дароўскім у цагляным доме таўнхаўснага тыпу, пабудаваным у 2013 годзе.
У кватэры чатыры паасобныя пакоі, два санвузлы, балкон і два машына-месцы ў гаражы. Вышыня столяў - 3 метры. Адзначаецца наяўнасць дарагога дызайнерскага рамонту і высокі ўзровень камфорту.
Як паказана ў кароткім апісанні, аб'ект можа пасаваць тым, хто шукае адасобленую загарадную атмасферу з блізкасцю да цэнтра горада.
Кошт жылля складае 2 189 175 рублёў, што эквівалентна прыкладна 750 тысячам даляраў. Кошт за квадратны метр - блізу 3759 даляраў, або 10 972 рублі.
Нагадаем, у Драздах пабудавалі катэджы многія высокапастаўленыя чыноўнікі, некаторыя вядомыя спартоўцы і набліжаныя да Лукашэнкі бізнэсоўцы.