TVN: Кіраўнік МЗС Польшчы пойдзе на падвышэнне
- 22.07.2025, 18:11
Радаславу Сікорскаму прапануюць партфель віцэ-прэм'ер-міністра.
Міністру замежных спраў Польшчы Радаславу Сікорскаму прапануюць партфель віцэ-прэм'ер-міністра падчас рэканструкцыі польскага ўрада.
Пра гэта даведаўся ад крыніц тэлеканал TVN.
Пра намер даць Сікорскаму больш уплывовую пасаду ва ўрадзе заявіў хаўруснікам кааліцыі ў панядзелак прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск, сцвярджаюць крыніцы TVN.
Суразмоўцы канала кажуць, што кааліцыя падтрымала такі выбар, і ў аўторак Туск мусіць правесці асабістую сустрэчу з Сікорскім, каб абмеркаваць дэталі.
Гэтыя змены, верагодна, адлюстроўваюць рост ролі кіраўніка МЗС Польшчы, які да нядаўняга часу змагаўся за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты ад кіруючай кааліцыі.
Паводле звестак TVN, рэканструкцыя ўрада Польшчы таксама прадугледжвае ўзбуйненне некалькіх міністэрстваў, каб сканцэнтраваць у асобных інстытутах пытанні эканомікі, энэргетыкі і жыллёвай гаспадаркі. Але канчатковай згоды ў гэтых пытаннях на момант публікацыі не было.
Напярэдадні польскія СМІ таксама даведаліся, што сваю пасаду павінен страціць міністр сельскай гаспадаркі Польшчы Чэслаў Сякерскі.
Пра змены ў складзе ўрада Польшчы прэм'ер-міністр Дональд Туск павінен аб'явіць у сераду раніцай.