Сіноптыкі папярэджваюць аб сур'ёзнай непагадзі
- 22.07.2025, 16:40
На сераду абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі.
У сераду ў многіх месцах краіны чакаюцца навальніцы, моцныя ліўні і шквалісты вецер. Праз гэта абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі, паведамілі ў Белгідрамеце.
У многіх раёнах краіны 23 ліпеня чакаюцца навальніцы, месцамі пры навальніцах моцныя залевы і шквалістае ўзмацненне ветру парывамі 15-20 м/с. Раніцай і днём ў Менску чакаецца навальніца, пры навальніцы моцныя залевы.
Агулам у сераду будзе воблачна з праясненнямі. Акрамя навальніц і ліўняў, днём магчымы град. Уночы і раніцай у асобных раёнах туман. Уначы будзе +13...19°С, удзень максімум складзе + 21...27°С. Атмасферны ціск будзе слаба расці.
У чацвер, 24 ліпеня, месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы і навальніцы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах слабы туман. Уночы будзе +10...17°С, максімальна ўдзень - ад + 20°С па поўначы да +28°С па паўднёвым захадзе краіны.
А ў пятніцу, 25 ліпеня, уночы месцамі па захадзе, удзень на большай частцы краіны чакаюцца кароткачасовыя дажджы. Днём - месцамі навальніцы. Уночы і раніцай у асобных раёнах слабы туман. Тэмпература паветра мінімальная ўночы + 11...16°C, максімальная ўдзкень + 22...28°C, месцамі па поўдні Беларусі да +30°C.