BE RU EN

На плошчы Якуба Коласа ў Мінску прыбралі плітку на ходніку з васількамі

  • 22.07.2025, 14:50

Адная са славутасцяў горада знікла з ходнікаў.

Незвычайную плітку выклалі амаль 25 гадоў таму. Але цяпер надумалі цалкам замяніць, піша Blizko.by.

На плошчы Якуба Коласа ў Менску ідзе замена пліткі на ходніку. У выніку зніклі апошнія васількі - выкладзеныя блакітнай пліткай кветкі.

Незвычайная плітка з'явілася на плошчы ў 2001 годзе. Тады сабраліся запусціць даўно нядзейныя фантаны, а заадно замяніць брукаванне самой плошчы. Рабочыя выклалі блакітны пліткай гіганцкія кветкі.

Чвэрць стагоддзя таму гэта выглядала свежа і незвычайна, многія менчукі і госці сталіцы прыязджалі на плошчу спецыяльна, каб паглядзець на гэтыя бетонна-пліткавыя васількі. Да лета 2024-га ад былой прыгажосці мала што засталося. Проста перад помнікам пісьменніку і героям яго твораў плітку замянілі на новую — розных адценняў шэрага колеру.

Некалькі кветак ацалела бліжэй да ўсходняга краю плошчы, насупраць басейна «Алімп». Праўда, за два з гакам дзясяткі гадоў плітка выцвіла і з блакітнай стала нейкай шэрай. Гэта характэрная ўласцівасць пліткі на ходніку: каляровая страчвае колер, шэрая проста цямнее і чарнее.

Зараз на плошчы ідзе чарговая замена пліткі. Рабочыя прыбралі самыя апошнія васількі.

Апошнія навіны