BE RU EN

Украінскую дэлегацыю для перамоў з РФ узначаліць Рустэм Умераў

  • 22.07.2025, 12:41

Зяленскі пацвердзіў гатоўнасць да новай сустрэчы.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі даручыў сфармаваць дэлегацыю для перамоў з расейскім бокам, узначаліць яе Рустэм Умераў, які цяпер заняў пасаду сакратара Рады нацыянальнай бяспекі і абароны, а да гэтага быў міністрам абароны Украіны. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні ў Telegram-канале кіраўніка дзяржавы.

"Правёў нараду наконт неабходных Украіне вынікаў перамоўнай працы... Даручыў сфармаваць дэлегацыю для перамоў з расейскім бокам. Узначаліць дэлегацыю Рустэм Умераў, у склад дэлегацыі ўвойдуць прадстаўнікі ўкраінскай выведкі, МЗС Украіны і офіса Прэзідэнта», — інфармуе Зяленскі.

Паводле ягоных слоў, кіраўнік Офіса прэзідэнта Андрэй Ярмак паведаміў аб каардынацыі нашай дыпламатычнай працы з партнёрамі ў Еўропе і Злучаных Штатах.

«Сакратар РНБА Украіны Рустэм Умераў паведаміў аб выкананні дамоўленасцяў другой сустрэчы з расейскім бокам у Стамбуле і дамоўленасць аб новай сустрэчы найбліжэйшым часам. Украіна гатовая працаваць максімальна прадуктыўна дзеля вызвалення нашых людзей з палону і вяртання выкрадзеных дзяцей, а таксама спынення забойстваў і дзеля падрыхтоўкі сустрэчы лідараў для рэальнага заканчэння гэтай вайны. Наша пазіцыя максімальна празрыстая. Украіна ніколі не хацела гэтай вайны, і менавіта Расея павінна закончыць вайну, якую сама ж і пачала», — напісаў прэзідэнт Украіны.

Апошнія навіны