Расейскія сілавікі прыйшлі з ператрусамі ў офіс прапагандыстаў з Baza
- 22.07.2025, 11:48
Затрыманы галоўны рэдактар выдання.
У офіс рэдакцыі прапагандысцкага тэлеграм-канала Baza прыйшлі з ператрусам паліцыянты. Таксама паліцыя і АМАП «наведаліся» ў кватэру галоўнага рэдактара выдання Глеба Трыфанава, паведамілі журналісты Baza. З іх слоў, сувязі з Трыфанавым на гэты момант няма - яго павезлі ў невядомым кірунку. Таксама перасталі выходзіць на сувязь супрацоўнікі выдання, якія знаходзяцца ў офісе.«Сутнасць прэтэнзій паліцыі пакуль невядомая. Гаворка можа ісці аб распачынанні нейкай крымінальнай справы ў адным з расейскіх рэгіёнаў», — адзначылі яны.
На фоне ператрусаў у офісе тэлеграм-канала Следчы камітэт Расеі (СКР) паведаміў, што ў Маскве распачалі справу аб перавышэнні службовых паўнамоцтваў супрацоўнікамі паліцыі. «Выяўлены факты незаконнай перадачы інфармацыі абмежаванага доступу. Пасля названыя звесткі публікаваліся на адным з каналаў мэсэнджара Тэлеграм», — гаворыцца ў паведамленні ведамства. У СКР адзначылі, што ў рамках справы праведзеныя ператрусы ў сталіцы, Краснадарскім і Краснаярскім краях, а таксама ў Белгародскай вобласці. Паводле звестак крыніцы РБК у праваахоўных органах, ператрусы ў рэдакцыі Baza праходзяць у рамках заведзенай СКР крымінальнай справы.