BE RU EN

У Жодзіне аталарынголаг адмовіўся дапамагаць дзіцяці, у якога ў вуху засеў іншародны прадмет

  • 21.07.2025, 21:29

У сеціве разгарэлася вострая дыскусія.

Вострая дыскусія разгарэлася ў адным з жодзінскіх чатаў пасля таго, як мясцовы жыхар Аляксандр расказаў пра выпадак у прыёмным аддзяленні мясцовай бальніцы. Паводле яго слоў, аталарынголаг адмовіўся агледзець яго трохгадовую дачку, у якой у вушной ракавіне засела іншароднае цела, піша ex-press.live.

- Звярнуліся ў прыёмнае аддзяленне бальніцы, чакалі 45 хвілін аталарынголага. Лекар прыйшоў, але адмовіўся нават зірнуць на дзіця - спаслаўся на тое, што працуе толькі з дарослымі. Прыйшлося ехаць у Менск, - паведаміў Аляксандр.

Пазней у абмеркаванні высветлілася, што такія сітуацыі адбываліся не раз. Некалькі ўдзельнікаў чата пацвердзілі, што ім таксама адмаўлялі ў аглядзе дзяцей, нават калі ўрач знаходзіўся на месцы, а ў яго кабінеце не было іншых пацыентаў. Многія карыстальнікі абурыліся такім стаўленнем з боку медыцынскага персаналу.

Са слоў Аляксандра, ён сам аказаў дапамогу дачцэ, дастаў з яе вуха іншароднае цела, калі зразумеў, што лекары ў Жодзіна ёй не дапамогуць. Пазней у Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы пацвердзілі, што пагрозы яе здароўю няма.

У адміністрацыі ЦДБ пазней пракаментавалі сітуацыю: дзіця сапраўды агледзелі два спецыялісты — загадчык педыятрычнага аддзялення і аталарынголаг гарадской паліклінікі. Ва ўстанове растлумачылі, што, згодна з нарматыўнымі дакументамі, экстраная дапамога дзецям у падобных выпадках аказваецца на абласным узроўні, дзе ёсць неабходнае абсталяванне.

Аднак карыстачоў чата такое тлумачэнне не задавальняе. Некаторыя адзначылі, што прыёмнае аддзяленне магло б адразу накіраваць бацькоў у Менск, не прымушаючы іх чакаць амаль гадзіну. Іншыя падкрэсліваюць, што ў Жодзіне па-ранейшаму адсутнічае даступны і кампетэнтны дзіцячы аталарынголаг у дзяржаўным сектары.

Апошнія навіны