Пайшоў з жыцця польскі генерал Вальдэмар Скшыпчак
- 21.07.2025, 20:12
Яму было 69 гадоў.
Польскі генерал Вальдэмар Скшыпчак памёр ва ўзросце 69 гадоў.
Пра смерць генерала на партале X паведаміў міністр абароны Польшчы.
“Да нас прыйшла сумная навіна аб смерці генерала Вальдэмара Скшыпчака. Гэта вялізная страта для яго блізкіх і для ўсёй нашай вайсковай сям'і. Прафесіяналізм, адданасць Радзіме, патрыятызм - вось словы, якія прыходзяць да розуму, калі мы ўспамінаем Спадара Генерала. Дзякую за тысячы падрыхтаваных салдат, за камандаванне імі як у краіне, так і на місіях. За досвед, якім Генерал да самага канца дзяліўся з маладым пакаленнем. Сёння нашыя думкі і малітвы з сям'ёй, якая смуткуе ў страце», — напісаў міністр абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш.
Біяграфія генерала Вальдэмара Скшыпчака з самага ранняга дзяцінства была цесна звязаная з войскам. Ён нарадзіўся 19 студзеня 1956 года ў Шчэціне. Юнацтва правёў у Калабжэгу, дзе яго бацька цягам 20 гадоў служыў у 32-м механізаваным палку. У 1991 годзе Вальдэмар Скшыпчак стаў камандзірам гэтай часткі.
Працягваючы сямейную традыцыю, ён пачаў вайсковае навучанне ў 1976 годзе. Быў выпускніком Танкавай вучэльні імя Стэфана Чарнецкага ў Познані, Акадэміі Генеральнага штаба Войска Польскага ў Варшаве, а таксама прайшоў паслядыпломныя аператыўна-стратэгічныя курсы ў Акадэміі нацыянальнай абароны ў Варшаве.
У перыяд з 2006 па 2009 год вайсковец займаў пасаду камандуючага Сухапутнымі войскамі. Раней ён камандаваў і шматнацыянальнай дывізіяй "Цэнтр-Поўдзень" у Іраку. У 2012-2013 гадах ён выконваў абавязкі намесніка міністра абароны ў пытаннях узбраення і мадэрнізацыі.
Пасля сыходу з войска Скшыпчак пачаў актыўна выступаць у СМІ у якасці вайсковага эксперта. Заснаваў блог, у якім каментаваў сітуацыю ў польскім войску. Генерал таксама даваў інтэрв'ю Charter97.org.
Генерал Вальдэмар Скшыпчак меў на сваім рахунку шмат польскіх і замежных узнагарод, у тым ліку Кавалерскі крыж, Камандорскі крыж Ордэна Адраджэння Польшчы, Залаты Крыж Заслугі. Ён таксама быў удастоены звання Афіцэра Ордэна "Легіён Заслуг" у ЗША і Вялікага Афіцэра Ордэна Заслугі ў Партугаліі.
Рэдакцыя сайта Сharter97.org выказвае шчырыя спачуванні родным і сябрам Вальдэмара Скшыпчака.